Баевікі скарысталі ў Данбасе забароненую Менскімі пагадненямі зброю
- 13.04.2015, 20:32
Зафіксавана дзевяць абстрэлаў пазіцый украінскіх сілавікоў з 120-міліметровых мінамётаў і восем выпадкаў ужывання 122-міліметровай артылерыі.
На працягу апошняга дня баевікі на Данбасе скарысталі ўзбраенне, якое Менскімі пагадненямі прадугледжана адвесці ад лініі размежавання, што пацвердзіла таксама і Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ. Пра гэта сёння на брыфінгу ў Кіеве паведаміў прэс-сакратар Адміністрацыі прэзідэнта у пытаннях АТО падпалкоўнік Аляксандр Матузянік, піша УНІАН.
Ён адзначыў, што на працягу апошняга дня праціўнік у зоне АТО ўжываў узбраенне, якое забаронена Менскімі пагадненямі, - гэта адбылося на Данецкім і Марыупальскім напрамках. Фактычна, зафіксавана дзевяць абстрэлаў пазіцый украінскіх сілавікоў з 120-міліметровых мінамётаў і восем выпадкаў ужывання 122-міліметровай артылерыі.
Матузянік паведаміў, што каля Шырокіна таксама знаходзяцца назіральнікі маніторынгавай місіі АБСЕ, якія ў сваім дакладзе "пацвердзілі, што незаконныя ўзброеныя фармаванні выпусцілі каля 49 снарадаў і ўжылі 122-міліметровую артылерыю па пазіцыях украінскіх вайскоўцаў".
"Таксама баевікі адмовілі назіральнікам у доступе да населенага пункта Шырокіно", - адзначыў прадстаўнік АП.
Ён падкрэсліў, што старшыня Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ў Украіне Эртугрул Апакан ужо прыцягнуў увагу да грубых парушэнняў Менскіх пагадненяў з боку прарасейскіх бандфармаванняў.
"Украіна выконвае ўсе пункты Менскіх пагадненяў, а нашы сілы страляюць у адказ толькі ў выпадку прамой пагрозы жыццю і здароўю ўкраінскіх вайскоўцаў", - падкрэсліў Матузянік.
Ён таксама адзначыў, што баевікі нанеслі чатыры ўдары па пазіцыях сіл АТО агнём танкаў. Самымі гарачымі кропкамі былі населеныя пункты блізу Данецкага аэрапорта, - гэта, перш за ўсё, пасёлак Пяскі, Опытнае, Аўдзеўка, раён шахты Пуцілаўская.
Фота з архіву AP