BE RU EN

Апублікаваны тэкст заявы нармандскай чацвёркі аб Данбасе

  • 14.04.2015, 11:20

Кіраўнікі МЗС дамовіліся аб адводзе мінамётаў і танкаў на Данбасе, а таксама аб стварэнні чатырох рабочых груп у рамках трохбаковай кантактнай групы.

Міністэрства замежных спраў Нямеччыны апублікавала тэкст супольнай заявы нармандскай чацвёркі, прыняты паводле вынікаў праведзенай 13 красавіка ў Берліне сустрэчы кіраўнікоў МЗС Украіны Паўла Клімкіна, Францыі Ларана Фабіюса, Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера і РФ Сяргея Лаўрова. Дакумент апублікаваны на сайце нямецкага замежнапалітычнага ведамства, прыводзім поўны тэкст заявы, піша liga.net.

1) Міністры замежных спраў Францыі, Нямеччыны, Расейскай Федэрацыі і Украіны сустрэліся сёння ў Берліне, каб абмеркаваць прасоўванне ў спыненні агню і палітычны працэс у мэтах рэалізацыі менскіх пагадненняў у поўным аб'ёме. Спецыяльны прадстаўнік АБСЕ пасол Тальявіні і кіраўнік назіральнай місіі АБСЕ Апакан узялі ўдзел у агульнай сустрэчы;

2) Што тычыцца выканання пагаднення аб спыненні агню, сітуацыя застаецца напружанай праз шматлікія парушэнні. Прынамсі, мы выказваем глыбокую занепакоенасць у сувязі з нядаўнім аднаўленні баёў цягам апошніх выходных, у тым ліку з выкарыстаннем цяжкай зброі ў раёне Шырокіна і данецкага аэрапорта. Мы заклікаем ўсе бакі спыніць баявыя дзеянні і прадэманстраваць сваю прыхільнасць да поўнага выканання пагаднення аб спыненні агню і сканчэння адводу цяжкіх узбраенняў. Акрамя таго, мы заклікаем да вываду мінамётаў і цяжкіх узбраенняў [калібрам] менш за 100 мм, а таксама ўсіх тыпаў танкаў. Мы заклікаем трохбаковую кантактную групу супольна са спецыяльнай маніторынгавай місіяй [АБСЕ] і сумесным цэнтрам па кантролі і каардынацыі (СЦКК) спынення агню зацвердзіць адпаведны графік. Мы таксама заклікаем бакі да ўсебаковага супрацоўніцтва ў працэсе праверкі [адводу ўзбраенняў];

3) Мы выказваем нашу цвёрдую падтрымку намаганням СММ АБСЕ ў супрацоўніцтве з СЦКК, каб забяспечыць сталую прысутнасць у абласцях, якія патрабуюць бесперапыннага маніторынгу з мэтай хутчэйшай дээскалацыі сітуацыі. Мы падтрымліваем існую дзейнасць СММ для зніжэння напружанасці на ўсходзе Марыупаля (Шырокіна) і ў раёне аэрапорта Данецка і заклікаем бакі да супрацоўніцтва з СММ для дасягнення гэтай мэты. Мы паўтараем наш заклік да бакоў, каб забяспечыць сталы і бесперашкодны доступ назіральнікаў для выканання свайго мандата і менскіх пагадненняў, а таксама паскарэння і сканчэння вываду цяжкіх узбраенняў, што павінна быць пацверджана маніторынгавай місіяй;

4) Мы ацэньваем дзейнасць спецыяльнага прадстаўніка АБСЕ пасла Тальявіні і кіраўніка назіральнай місіі АБСЕ Апакана. Заклікаем удзельнікаў неадкладна скончыць аператыўную канцэпцыю стварэння чатырох рабочых груп у рамках трохбаковай кантактнай групы: у пытаннях бяспекі, палітычнага працэсу, у гуманітарных пытаннях і ў пытаннях эканамічнага характару. Неадкладнае прызначэнне ўдзельнікаў і каардынатараў рабочых груп будзе спрыяць больш хуткаму пачатку дзейнасці рабочых груп;

5) Мы даручаем нашым намеснікам міністраў замежных спраў (палітычным дырэктарам прадаўжаць сачыць за выкананнем менскіх пагадненняў з акцэнтам на хуткі запуск рабочых груп і пры нашай нязменнай падтрымцы іх дзейнасці. Мы па-ранейшаму маем намер падтрымліваць працэс [урэгулявання] ва ўсякі час, калі гэта неабходна.

Фота: Reuters

Апошнія навіны