Леанід Заіка: «дармаеды» сыдуць у партызаны
- 15.04.2015, 14:12
Праз новы дэкрэт беларусы зазлуюць і прыхаваюць камень за пазухай.
Пра гэта заявіў кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" эканаміст Леанід Заіка ў інтэрв'ю "Беларускаму партызану". Ён мяркуе, што наступным крокам павінная стаць забарона для "дармаедаў" купляць тавары ў крамах, бо ў кожным з іх ёсць 20% ПДВ, які ідзе ў дзяржбюджэт:
"Мясніковіч сказаў, што ў Беларусі 445 тысяч дармаедаў. Напраўду, дармаедаў не так шмат, і яны не па вуліцах ходзяць. Усе, хто жыве ў Беларусі, плацяць падаткі. Норма назапашвання ў Беларусі складае ўсяго толькі 5%. Усё, што беларускія гастарбайтары прывозяць з Расеі, нясуць у крамы. А там 20% кошту складае падатак на дададзеную вартасць.
Уводзячы падатак на дармаедаў, я б адначасова забараніў дармаедам купляць тавары ў крамах і плаціць ПДВ. Больш за тое, я б параіў адкрыць спецыяльныя крамы для дармаедаў без ПДВ - кошты знізіліся б адразу на 20%. Думаю, такія крамы карысталіся б шалёнай папулярнасцю.
Я б кінуў кліч: дармаеды ўсёй Беларусі, яднайцеся! Стварайце сваю партыю! Вы ўяўляеце партыю з 445 тысяч чалавек? Можа, ужо ў гэтым годзе ўвайшлі б ва ўрад. А магчыма, нават прэзідэнта-дармаеда абралі б.
Дармаеды сыдуць у партызаны. Людзі раззлаваліся і затаілі камень за пазухай. Краіна немаленькая, лясоў шмат. Прыйдзе падатковая - а муж у партызанах. Колькі яны будуць хадзіць па кватэрах-хатах? Ёсць добрая магчымасць прымаць расейскае грамадзянства. Расея мае патрэбу ў працоўнай сіле, могуць і спрасціць працэдуру прыняцця грамадзянства для беларусаў", - прапаноўвае Леанід Заіка свае варыянты барацьбы з незаконным дэкрэтам.
Нагадаем, 2 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Беларусы, якія не працавалі больш за 183 каляндарныя дні ў годзе, прызнаюцца дармаедамі і павінны аплаціць збор у суме 20 базавых адзінак (3 млн 600 тысяч рублёў). Ад выплаты падатку вызваляюцца інваліды, пенсіянеры, шматдзетныя сем'і, студэнты, дзеці да 18 гадоў, а таксама тыя, хто фактычна не быў у Беларусі больш за 183 дзён - але адсутнасць у краіне давядзецца давесці.
За нявыплату збору прадугледжаны штраф ад двух да чатырох базавых адзінак або адміністрацыйны арышт.