БХД зробіць пятую спробу зарэгістраваць партыю
- 16.04.2015, 14:01
Устаноўчы з'езд партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» плануецца правесці ў Менску 13 чэрвеня.
Аргкамітэт для стварэння БХД звярнуўся да кіраўнікоў 13 устаноў сталіцы з просьбай даць ім памяшканне для правядзення з'езду. Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе аргкамітэта.
Заяўкі, сярод іншага, накіраваныя ў ДК МАЗа, Моладзевы тэатр эстрады, Цэнтральны Дом афіцэраў, Палац культуры чыгуначнікаў, ДК МТЗ, Малую залу Палаца Рэспублікі, Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр, гатэль «Рэнесанс», канцэртную залу на вуліцы Матусевіча, Дом літаратара, а таксама ў Рэспубліканскую мастацкую галерэю на вуліцы Казлова 3.
«Зараней падаем заяўкі на арэнду залы, каб унікнуць адказаў, што ўжо ўсё занятае - адзначыў адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі. - Адначасова будзем ціснуць праз заходніх партнёраў, каб улады дазволілі правядзенне з'езда. Гэта ўжо пятая спроба зарэгістраваць БХД».
Першы ўстаноўчы з'езд партыі прайшоў у 2009 годзе, у 2010-м - яшчэ два. Апошняя спроба зарэгістраваць арганізацыю, якая як і папярэднія тры сталася беспаспяховай, была зробленая больш за тры гады таму - чацвёрты ўстаноўчы з'езд партыі прайшоў 17 снежня 2011 года.