BE RU EN

Дэпутат Дзярждумы: Расея стала падобнай на Нямеччыну 1933 года

  • 16.04.2015, 17:04

Сотні тысяч расейцаў пакінулі радзіму цягам апошніх гадоў.

Дэпутат Дзярждумы Ілля Панамароў піша ў сваім артыкуле ў International New York Times (пераклад - Инопресса.ру), што на мінулым тыдні ўбачыў фота рэкламнага шчыта насупраць Крамля: ягоны ўсмешлівы твар, перакрэслены надпісам "Нацыянал-здраднік". "На наступны дзень Дзярждума прагаласавала за тое, каб мяне пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасці, каб я мог быць прыцягнуты да судовай адказнасці паводле абвінавачвання ў незаконным прысваенні бюджэтных сродкаў, а затым пазбаўлены дэпутацкага мандату. Абвінавачванні былі сфабрыкаваныя ў стылі, тыповым для сучаснай Расеі", - паведамляе аўтар.

"Маё сапраўднае злачынства палягала ў тым, што ў сакавіку 2014 года я выявіўся адзіным іншадумцам, калі Дзярждума прагаласавала за адабрэнне анэксіі Крыма 445 галасамі супраць аднаго", - піша Панамароў.

"У сярэдзіне жніўня, знаходзячыся ў дзелавой паездцы за межамі Расеі, я заўважыў, што мае крэдытныя карты не дзейнічаюць. Неўзабаве адна з вядучых расейскіх газет паведаміла, што ўлады забаранілі мне выезд за мяжу і арыштавалі маю маёмасць. Пры сабе ў мяне была сума, эквівалентная 21 даляру. З тых часоў я не вяртаўся", - піша Панамароў.

Са слоў Панамарова, ён адзін з прыкладна 1 млн расейцаў, якія пакінулі Расею цягам апошніх гадоў не таму, што быццам яны не любяць радзіму, а праз тое, што яе каштоўнасці і культура радыкальна змяніліся. "Мы сумуем па дому і сваяках, а больш за ўсё па нашых суайчынніках, ведаючы, што яны дапытлівыя, клапатлівыя і адны з разумнейшых людзей у свеце", - дадае ён.

"Расея 2015 падобная на Нямеччыну 1933 года. Я праводжу гэта параўнанне далёка не бяздумна. Абяцанні Пуціна адрадзіць расейскую эканоміку (нягледзячы на дзейсныя заходнія санкцыі) і "аднавіць" нашу нацыянальную годнасць могуць быць выкананыя толькі шляхам далейшых заваёў і кровапраліцця. Збольшага віна ляжыць на Захадзе: у канцы халоднай вайны ён паўтарыў версальскія памылкі 1919, навязаўшы Расеі шокавы капіталізм замест таго, каб інтэграваць яе ў стабільны сусветны парадак", - піша Панамароў.

Што цяпер рабіць? На думку Панамарова, галоўная надзея - на выгнаннікаў.

"Наша канцэпцыя будучыні Расеі простая, але выходзіць за рамкі высакароднай (і ўсё ж асуджанай на паразу) апазіцыйнай мантры - заклікаў да сумленным выбарах", - піша Панамароў. Ён пералічвае: паменшаны і больш адказны цэнтральны ўрад, незалежная і сучасная судовая сістэма, "перадача ільвінай долі падатковых адлічэнняў самакіраваным рэгіянальным і мясцовым суполкам", вызваленне прадпрымальніцтва і канкурэнцыі.

Людзі, якія з'яўляюцца носьбітамі пераменаў, чакаюць сваёй гадзіны "ад Лондана да Крамянёвай даліны і пуцінскіх турмаў", піша Панамароў. Ён згадвае імёны Паўла Дурава, Леанарда Блаватніка, Аляксея Навальнага і Міхаіла Хадаркоўскага.

"Усе яны перажываюць за Расею і маюць глабальныя канцэпцыі, яны гатовыя пераняць усё найлепшае, што ёсць на Захадзе, на карысць сваёй радзімы. Што лепш - застацца і весці барацьбу з турэмнай камеры альбо дамагацца пераменаў, аказваючы націск звонку? Над гэтым пытаннем я думаю кожны дзень. Але я ведаю, што для будучыні Расеі патрабуецца новае "пакаленне-стартап", якое верне нашу краіну на ранейшае месца", - рэзюмуе аўтар.

Апошнія навіны