Сяргей Скрабец: Можа быць еўракамісар Хан не ведае пра палітвязьняў?
- 16.04.2015, 19:05
Удзел Беларусі ва "Усходнім партнёрстве" тармозіць не толькі афіцыйны Менск з Еўразвязам, але блакуе Расея.
Любая спроба пайсці на рэальнае збліжэнне з Еўразвязам скончыцца ўкраінскім сцэнарам, мяркуе генеральны сакратар БСДП (Народная Грамада) Сяргей Скрабец, паведамляе "Беларуская праўда".
16- 17 красавіка праходзіць працоўны візіт у Менск еўракамісара па Еўрапейскай палітыцы суседства ды перамоваў аб пашырэнні ЕЗ Ёханэса Хана. Еўракамісар сустрэнецца з беларускім кіраўніцтвам, з якім плануе абмеркаваць узаемадзеянне Беларусі ды ЕЗ і рэалізацыю ініцыятывы "Усходняга партнёрства".
Сяргей Скрабец выказаў неразуменне, як можна ў нашых умовах гаварыць з беларускімі ўладамі аб умацаванні добрасуседства.
- Хан прызначаны Еўракамісарам у Еўрапейскай палітыцы суседства ды перамоваў аб пашырэнні ЕЗ у мінулым лістападзе. Можа, ён яшчэ не ведае, што ў Беларусі сядзяць палітвязні, што тут парушаюцца правы чалавека, пераследуюць апазіцыйную прэсу. І прыехаў да беларускае ўлады ўсталёўваць добрасуседскія стасункі ды кантакты, што выклікае ў апазіцыі, па меншай меры, здзіўленне.
Трэба разумець, што ўдзел Беларусі ва "Усходнім партнёрстве" блакуецца не толькі самой Беларуссю і Еўразвязам, але блакуецца Расеяй. Давайце азірнемся на падзеі апошніх гадоў. Як толькі Бакіеў вырашыў пакінуць у Манасе базу NATO - яго прыбралі з прэзідэнцкай пасады; як толькі Грузія вырашыла пайсці ў ЕЗ і NATO - у яе адразу адцяпалі Абхазію і Паўднёвую Асецію; як толькі Украіна захацела асацыяцыі з Еўразвязам - пазбавіўся пасады Януковіч, а Украіна страціла дзве вобласці. Калі працягваць лагічны ланцужок, мы павінны зразумець: за жаданне зблізіцца з Еўразвязам мы павінны заплаціць Віцебскай і Магілёўскай абласцямі.
Таму пра якую палітыку добрасуседства можна размаўляць з цяперашняй уладай у нашых умовах - незразумела. Тым больш, што на тэму палітвязняў Еўропа наогул закрыла вочы. Усё добра: давайце пашыраць супрацоўніцтва, умацоўваць добрасуседскія стасункі.
Сур'ёзна ўспрымаць постаць Хана нельга: сам факт, што ўлады ўпусцілі яго на тэрыторыю Беларусі, выклікае масу пытанняў.
- Значыць, любое рэальнае збліжэнне Беларусі з Еўразвяам скончыцца ўкраінскім сцэнарам?
- Украінскім, грузінскім, малдаўскім ці кіргізскім. Прыкладаў шмат - выбірай любы: ці страта земляў, ці страта ўлады.
- Навошта тады еўрапейскія эмісары зачасцілі ў Беларусь?
- Інвестыцыі ж ідуць у Беларусь, і даволі сур'ёзныя: з Нямеччыны, Францыі, Чэхіі. Для абароны еўрапейскіх інвестыцый і ездзяць у Беларусь еўракамісары. Рэал палітык ніхто не адмяняў.