Партрэты зняволеных ля Опернага тэатра
- 17.04.2015, 12:31
Партрэты беларускіх вязняў сумлення з'явіліся ў Дзень салідарнасці ў цэнтры Менска.
Пра гэта сайту charter97.org паведамілі жыхары горада.
16 красавіка ў Менску прайшла акцыя «Арт-галерэя салідарнасці». Намаляваныя партрэты палітвязняў былі выстаўленыя ля галоўнага ўваходу ў Тэатр оперы і балета. Пад кожным з плакатаў арганізатары акцыі размясцілі лозунгі «Свабоду палітвязням», «Не палітычным рэпрэсіям» і «Стоп тэрор».
Партрэты Юрыя Рубцова, Мікалая Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Ігара Аліневіча, Арцёма Пракапенкі ды Мікалая Дзядка нагадалі грамадзянам пра вязняў рэжыму Лукашэнкі і пра тое, за што яны кінутыя за краты.
16-ы дзень кожнага месяца з'яўляецца Днём Салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, а таксама зніклымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі. Акцыі ў гэты дзень традыцыйна праходзяць у Беларусі, а таксама - у шмат якіх краінах свету.