Маскоўскі суд адмовіўся вызваліць Надзею Саўчанку
- 17.04.2015, 18:49
Басманны суд Масквы адмовіў абароне Надзеі Саўчанкі ў задавальненні скаргі на адмову следства спыніць крымінальную справу.
Пра гэта паведамляе BBC.
"Суд адмовіўся выклікаць прадстаўнікоў мінюста і МЗС у якасці спецыялістаў, адмовіўся адкласці разгляд справы", - напісаў у Твітэры адвакат Саўчанкі Мікалай Полазаў.
Абарона на судзе спасылалася на дыпламатычны імунітэт дэлегата ПАРЕ і сабраныя доказы невінаватасці.
"Нягледзячы на хадайніцтва аб адкладзе працэсу паводле скаргі абароны на адмову следства спыніць справу ў адносінах да Саўчанкі, суд пачаўся", - напісаў у Твітэры адвакат Марк Фейгін, што не паспеў прыляцець з ЗША на перанесенае паседжанне.
У Расеі Саўчанка абвінавачваецца ў датычнасці да забойства журналістаў расейскага холдынгу ВГТРК на тэрыторыі Данбаса і незаконным пераходзе мяжы. Саўчанка адмаўляе ўсе абвінавачванні. Абарона называе крымінальную справу палітычнай.