Палітвязню Арцёму Пракапенку адмовілі ў памілаванні
- 19.04.2015, 13:32
Гэта з’яўляецца наўпроставым вынікам падлабуньвання Захаду да Лукашэнкі
17 красавіка актывіст Арцём Пракапенка паведаміў сваім сваякам, што яму адмовілі ў памілаванні. З ягоных слоў, у адказе камісіі аб памілаванні прычына адмовы не паведамляецца.
Інфармацыю распаўсюдзіў сайт ПЦ "Вясна".
Сам дакумент Пракапенку не выдалі, але далі з ім азнаёміцца.
На днях бацька палітвязня Анатоль Пракапенка паведаміў, што ягоны сын ужо два месяцы чакае вызвалення паводле памілавання. Яшчэ ў лютым 2015 палітвязень накіраваў прашэнне аб памілаванні Лукашэнку.
Раней Лукашэнка публічна неаднаразова абяцаў вызваліць палітвязняў у выпадку напісання такога дакумента.
Нагадаем, Арцём Пракапенка знаходзіцца ў зняволенні з 17 студзеня 2011 года. Ён асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму судом Бабруйскага раёна і г. Бабруйска паводле ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) і ч.3 арт.218 КК (пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры). Паводле крымінальнай справы Арцём праходзіў разам з Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым.
Цяпер палітвязень знаходзіцца ў калоніі №15 Магілёва.
Праваабаронцы адзначаюць, што палітвязні ў турмах і калоніях знаходзяцца ў нечалавечых умовах. Супраць іх стала арганізоўваюцца правакацыі з боку адміністрацый, за малыя парушэнні іх падвяргаюць сур'ёзным пакаранням, пазбаўляюць перадач і спатканняў, кідаюць у карцэр. На асуджаных апазіцыянераў аказваецца пастаянны ціск з мэтай напісання імі прашэнняў аб памілаванні.
Ціск узмацніўся напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Рызе ў траўні.