Радаслаў Сікорскі: Расейскія байкеры бралі ўдзел у анэксіі Крыму
- 19.04.2015, 14:17
Пастанова аб забароне праезду праз тэрыторыю Польшчы расейскім байкерам стане складанай для польскага ўрада.
Такое меркаванне выказаў маршал Сэйма Польшчы Радаслаў Сікорскі, паведамляе "Польскае радыё”.
"З аднаго боку, гэта ўшанаванне перамогі над фашызмам, але з іншага боку - мы ведаем, што гэтыя клубы адыгралі нейкую ролю ў анэксіі Крыму. І, з трэцяга боку, яны выкарыстоўваюць сімвалы таталітарнага Савецкага Саюза. У Польшчы гэта парушэнне Канстытуцыі" , - сказаў маршал Сэйма.
Радаслаў Сікорскі таксама нагадаў, што польскія матацыклісты арганізуюць катынскія рэйды, а гэта - з ягоных слоў - можа не падабацца ў Расеі, піша "Еўрапейская праўда".
Нагадаем, акцыя, якую запланавалі байкеры Пуціна, выклікала хвалю пратэсту ў Польшчы.
Чальцы мотаклуба "Начныя ваўкі" плануюць праехаць праз Беларусь і Польшчу і ўехаць 9 траўня ў Бэрлін у гонар 70-й гадавіны савецкай перамогі над нацыстамі. Байкеры карыстаюцца падтрымкай Крамля і Расейскай праваслаўнай царквы. Яны плануюць праехаць на сваіх Harley-Davidson 6000 км па Расеі, Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі ды Аўстрыі, перш чым заехаць у Бэрлін. Палякі не хочуць бачыць пуцінскіх байкераў на сваёй тэрыторыі.