«Гомсельмаш» пераходзіць на чатырохдзёнку
- 2.04.2015, 8:29
Некаторыя працаўнікі прадпрыемства дагэтуль не атрымалі заробак за люты.
«Гомсельмаш» цягам некалькіх месяцаў сутыкаецца з сур'ёзнымі праблемамі. Пра гэта сайту charter97.org паведамляюць супрацоўнікі прадпрыемства.
«Нам далі падпісаць загад аб тым, што 3, 10, 17 і 25 красавіка бярэм адпачынак з выплатай 2/3 заробку на жаданне або афармляем прастой з выхадам на працу. Паводле Працоўнаму Кодэксу - гэта тыя ж 2/3. Заробак за люты далі толькі а 23.48 31 сакавіка не ўсім. Некаторым падраздзяленням акрамя гэтых дзён трэба будзе браць яшчэ некалькі на ўласнае жаданне», - распавёў супрацоўнік «Гомсельмаша».
Звальненні на прадпрыемстве працягваюцца з пачатку года. Кіраўніцтва прадпрыемства пакуль не лічыць іх масавымі і звязвае з праграмай мадэрнізацыі.
З пачатку года з «Гомсельмаша» звольнілі больш за сто чалавек. Для прадпрыемства, на якім працуюць 9500 супрацоўнікаў, сітуацыя не крытычная. Іншая справа, што звальненні маюць устойлівы характар. Працоўных не тое каб адразу выкідваюць на вуліцу - проста з часткай з іх не падаўжаюць кантрактаў.
Нагадаем, крызіс на найбуйнейшай у Беларусі прадпрыемстве сельскагаспадарчага машынабудавання доўжыцца ўжо амаль год. Нядаўна была агучана сума запазычанасці прадпрыемства - 5,1 трыльёнаў рублёў, а ў лютым «Гомсельмаш» афіцыйна перайшоў на трохдзёнку.
Такая сітуацыя не толькі на гэтым прадпрыемстве. На прэзідыуме Беларускага прафсаюза работнікаў прамысловасці было агучана, што на прамысловых прадпрыемствах Беларусі колькасць працоўных паменшылася больш чым на 10 000 чалавек. Больш за ўсё супрацоўнікаў страцілі такія прамысловыя гіганты, як ЗАТ «Атлант», ААТ «МАЗ», ААТ «Менскі маторны завод» і ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік». Усяго прайшлі праверкі ў 173 арганізацыях і было выяўлена 1184 парушэнні заканадаўства аб працы.