BE RU EN

Пятрас Аўштравічус: Еўразвяз не павінен паўтараць у стасунках з Лукашэнкам памылак 2010

  • 2.04.2015, 12:47

Дыктатара нельга пускаць у Рыгу без вызвалення ўсіх палітвязняў, мяркуе дэпутат Еўрапарламента.

Лукашэнка традыцыйна спрабуе балансаваць ў геапалітычнай сітуацыі, здабываючы з гэтага выгаду для сябе. Прыняць дыктатара на саміце «Усходняга партнёрства» ў Рызе без выканання мінімальных умоў, такіх як вызваленне палітвязняў, азначала б апраўданне непрымальных у Еўропе рэчаў.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў еўрапарламентар ад Літвы, ліберал Пятрас Аўштравічус.

- Надоечы было абвешчана, што ЕЗ мае намер падкарэктаваць сваю ўсходнюю палітыку. Што гэта азначае для Беларусі?

- Сапраўды, Еўрапейскі Звяз пачаў цяпер перагляд палітыкі суседства, і Усходняе партнёрства таксама патрапіць у працэс перагляду гэтай палітыкі. Мэта гэтага працэсу – па-новаму ацаніць сітуацыю, правесці пэўнае карэктаванне. Што да "Усходняга партнёрства" і канкрэтна Беларусі, то мы ўпэўненыя, што павінна быць яшчэ больш індывідуалізацыі краін-чальцоў УП.

Не ўсе краіны УП маюць аднолькавыя прыярытэты, амбіцыі і магчымасці для супрацоўніцтва ў прапанаваных галінах адзіных праграм. Мы выступаем за тое, каб кожная дзяржава абрала сваю хуткасць, месца ды інтарэсы.

Беларусь на фоне гэтай геапалітычнай сітуацыі, мабыць, па-новаму ацэньвае прапановы «Усходняга партнёрства», бо бачыць відавочную магчымасць для балансавання паміж Захадам і Усходам.

- Гэта заўсёды адбывалася...

- На жаль, як заўсёды, тут няма нічога новага. Але, мабыць, новыя, больш складаныя абставіны прымушаюць дакладней вызначыць і шукаць больш эфектыўнае, больш відавочнае балансаванне. Гэтым тлумачыцца цікавасць да візавага пытання, знаходжанне на публіцы палітычнага лідара побач з усходнімі партнёрамі.

- Цяпер назіраецца пацяпленне стасункаў паміж ЕЗ і Беларуссю. Досвед 2010 нічому не навучыў, і ЕЗ спадзяецца, што прэзідэнцкія выбары будуць сумленнымі?

- Вельмі часта ў дэмакратыі бывае некаторая палітычная наіўнасць, бо пэўныя дзяржавы глядзяць на сітуацыю, зыходзячы са свайго досведу, сваіх стандартаў і г.д. Я думаю, што цяпер мы бачым сапраўды такія ж паўторныя акалічнасці. Лукашэнка гэтым карыстаецца і перад прэзідэнцкімі выбарамі гэтай восенню ён хоча, скажам так, еўрапейскага знака ў сваіх выбарах. З іншага боку, трэба прызнаць, што Беларусь апошнім часам не робіць якіх-небудзь крокаў і адкрыта не выступае на баку Расеі ў дачыненні да канфлікту з Украінай, Крыму, вайны ва Украіне. І гэта дазваляе краінам-сябрам ЕЗ гэта прызнаць і па-свойму ацаніць.

Што да выбараў, то мы павінны быць вельмі асцярожнымі, каб не паўтарыць тых памылак, да якіх, магчыма, Лукашэнка нас падштурхоўвае. Палітычныя зняволеныя застаюцца, мы не можам прызнаць, што іх няма. І, я думаю, гэта сігнал і Лукашэнку, што трэба весці перамовы і хутчэй развязваць гэтую праблему.

- Што цяпер у палітыцы ўсходняга суседства азначае чыннік Расеі?

- Я мяркую, што ён азначае адно. Расея пацвердзіла, што палітыка «Усходняга партнёрства» для яе абсалютна непрымальная. Яна бачыць УП як вялікую канкурэнцыю свайму суседству. Гэта першае. І другое. Тыя краіны-сябры УП, якія пачалі рэформы, небяспечныя для Расеі, якая не хоча праводзіць рэформаў, якая хоча захаваць статус-кво.

На жаль, павінен сказаць, што ацэнкі Расеі ў гэтым пытанні абсалютна памылковыя. Яна бачыць толькі выклікі для свайго існавання, свайго геапалітычнага ўплыву. Еўропа не хоча канкураваць з Расеяй, Еўропа хоча большай стабільнасці краін, якія гатовыя супрацоўнічаць на адзіных умовах.

Хіба рэфармаваная эканоміка Украіны ці Малдовы - гэта небяспека для Расеі? Хіба бязвізавы рэжым з гэтымі дзяржавамі неспрыяльны для расейскіх грамадзян? Я не бачу ніякіх аргументаў, але тут абапіраюцца на геапалітыку. Геапалітыка Расеі ў гэты момант грунтуецца на ірацыянальных падмурках і, на жаль, яна з'яўляецца асабістай цацкай Пуціна.

- Ці можна меркаваць, што Лукашэнка будзе запрошаны на саміт у Рыгу, аб чым пачынаюць усё часцей гаварыць? І чаго чакаць Беларусі ад гэтага саміту?

- Я думаю, што для Лукашэнкі паказацца і быць прынятым у Рызе - гэта прызнанне. Гэта прызнанне і пэўная прыступка да набліжэння выбараў гэтай восенню. Ён хоча гэтым скарыстацца.

Што ж ад гэтага ЕЗ - мне сказаць вельмі складана. Я хацеў бы спадзявацца, што калі гэта і адбудзецца, то Лукашэнка прыбудзе ў Рыгу, хоць бы ўжо не маючы палітычных зняволеных. Гэта мінімальная ўмова.

Ёсць і іншыя ўмовы - рэгістрацыя палітычных партый, сітуацыя з незалежнымі СМІ, шмат чаго ёсць. Я думаю, прыняць Лукашэнку ў Рызе без хаця б мінімальных намаганняў, гэта апраўданне непрымальных у Еўропе рэчаў.

Апошнія навіны