BE RU EN

РФ ўвяла банкаўскія санкцыі супраць рэзідэнтаў ЕЗ і ЗША

  • 20.04.2015, 8:45

Расфінманіторынг абавязаў банкі неадкладна паведамляць аб аперацыях рэзідэнтаў 41 краіны, у тым ліку ЗША і Еўразвязу.

Пра гэта паведамляе газета «Известия» са спасылкай на ліст установы, разасланы крэдытным установам

Як паведамляюць «Известия», у спіс краін, аб аперацыях рэзідэнтаў якіх банкі павінны паведамляць Расфінманіторынгу, уваходзяць краіны ЕЗ, ЗША, Нарвэгія, Іран, Сірыя, Судан, Новая Зеландыя, Аргентына, Мексіка, Швайцарыя, КНДР ды Ямайка. Са слоў крыніцы, блізкай да Расфінманіторынгу, гэты спіс краін з'яўляецца новым - ён быў сфармаваны «ў адпаведнасці з палітычнай і эканамічнай сітуацыяй і свеце і ў Расеі». Паводле звестак выдання, угоды рэзідэнтаў дзяржаў са спісу расцэньваюцца як «сумнеўныя», піша РБК.

У лісце ўказваецца, што ў спіс краін патрапілі тыя дзяржавы, супраць якіх Расея ўвяла контрсанкцыі, а таксама краіны, якiя не выконваюць міжнародныя патрабаванні барацьбы з адмываннем грошай, краіны, якія падтрымліваюць тэрарызм і свабоднае абарачэнне наркотыкаў.

Крыніца, блізкая да Расфінманіторынгу, адзначыла, што «краінавы падыход абумоўлены ўведзенымі ЗША і ЕЗ санкцыямі і ў адказ дзеяннямі Расеі». Са слоў суразмоўцы выдання, «логіка Расфінманіторынгу, палягае ў тым, што расейскія банкі павінны выконваць і абараняць інтарэсы роднай краіны, улічваць яе пазіцыю на міжнароднай палітычнай арэне».

Выданне адзначае, што ў выпадку невыканання патрабаванняў Расфінманіторынгу аб інфармаванні пра рэзідэнтаў названых краін, дзеянні банкаў будуць расцэньвацца як парушэнне заканадаўства барацьбы з адмываннем грошай. Наступствам гэтага можа стаць адкліканне ліцэнзіі ў банка. Паводле расейскага заканадаўства, правядзенне сумніўных аперацый на суму ад 3 млрд рублёў расцэньваецца як «высокая ўцягнутасць банка ў правядзенне сумніўных аперацый».

Апошнія навіны