Вярхоўная Рада заклікала Пуціна вызваліць украінскіх закладнікаў
- 22.04.2015, 14:22
Украінскія дэпутаты патрабуюць ад расейскага прэзідэнта выконваць Менскія пагадненні.
Парламентарыі прынялі пастанову аб звароце Вярхоўнай Рады да прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна аб неабходнасці захавання комплексу захадаў у выкананні Менскіх пагадненняў і вызваленні незаконна ўтрымоўваных у РФ народнага дэпутата Надзеі Саўчанкі і ўсіх іншых закладнікаў, паведамляе «Карэспандэнт».
Адпаведную пастанову падтрымалі 249 дэпутатаў. Радыкальная партыя адмовілася падтрымаць пастанову, назваўшы яе «найніжэйшым прашэннем» да Пуціна.
Так, у дакуменце дэпутаты Украіны заклікаюць расейскага прэзідэнта «вызваліць з-за кратаў украінскую лётчыцу, народнага дэпутат Украіны Надзею Саўчанку, а таксама грамадзян Украіны на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, якія там незаконна ўтрымоўваюцца, у тым ліку ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, якія былі захопленыя ў палон на тэрыторыі Украіны, перавезеныя на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі і насуперак іх волі незаконна там утрымоўваюцца».
Украінскі парламент таксама просіць Пуціна выкарыстоўваць увесь свой уплыў на незаконныя ўзброеныя фармаванні, які дзейнічаюць у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей Украіны з мэтай неадкладна вызваліць закладнікаў і асоб, якія ўтрымліваюцца незаконна, паводле прынцыпу «ўсіх на ўсіх».
Нагадаем, раней прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў тэлефоннай размове заклікаў генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна спрыяць вызваленню ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая знаходзіцца ў расейскім СІЗА, а таксама ўсіх закладнікаў. Басманны раённы суд Масквы адмовіў абаронцам Надзеі Саўчанкі ў задавальненні скаргі спыніць крымінальную справу ў дачыненні да ўкраінскай лётчыцы.