У Сэйме Польшчы прайшлі слуханні аб Беларусі
- 22.04.2015, 18:40
Спецыяльныя слуханні аб Беларусі прайшлі сёння ў польскім парламенце.
Мерапрыемства было арганізаванае з ініцыятывы Камітэта замежных спраў Сэйма Робэрта Тышкевіча - кіраўніка Камітэта і кіраўніка выбарчай кампаніі прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага на цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах. На слуханнях прысутнічалі дэпутаты Сэйма, а таксама дэпутат Еўрапарламента і кіраўніца рабочай групы «Еўранэста» аб Беларусі Агнешка Казлоўская-Раевіч, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Польшчы Лешэк Шарэпка і кіраўнік Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі.
Ад Беларусі прысутнічалі лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец, кіраўнік партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, паэт Уладзімір Някляеў, які нядаўна абвясціў аб сваім выхадзе з апазіцыйных структур, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Народная Грамада») Аляксандр Арастовіч, намеснік кіраўніка руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, судырэктар Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк ды іншыя.
Асноўнай тэмай, якая абмяркоўвалася на сустрэчы, сталі так званыя прэзідэнцкія выбары, правядзенне якіх запланаванае ў Беларусі ў гэтым годзе, сітуацыя ў нашай краіне на фоне расейска-ўкраінскай вайны, а таксама цяперашняя палітыка ЕЗ у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Практычна ўсе лідары апазіцыі адзначылі, што ўсе спробы краін Захаду пачаць дыялог з дыктатарам з'яўляюцца найгрубейшай памылкай, бо сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі толькі пагаршаецца. Было адзначана цяжкае становішча палітвязняў, узмацненне рэпрэсій, а таксама пагаршэнне эканамічнай сітуацыі.
Сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец падкрэсліў, што прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі няма, а замест іх будзе чарговы спектакль, у выніку якога Лукашэнка намалюе 80% галасоў на сваю карысць. Спробу прадстаўнікоў ЕЗ наладзіць супрацоўніцтва з чыноўнікамі адміністрацыі Лукашэнкі ён назваў найгрубейшай памылкай, якая прывядзе да зменаў сітуацыі ў горшы бок. Палітык мяркуе, што сёння трэба падтрымліваць моладзь, незалежныя медыі - «Белсат», charter97.org «Радыё Рацыя» ды іншыя а таксама культурныя моладзевыя ініцыятывы, якія сёння спрыяюць беларусізацыі. Севярынец заклікаў еўрапейцаў не падтрымліваць так званае «мясцовае самакіраванне» ў Беларусі, бо, з ягоных слоў, сродкі, выдадзеныя Еўразвязам на яго, ідуць на ўмацаванне карных органаў.
Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заявіў, што сёння могуць быць два сцэнары будучай кампаніі: вылучэнне ў якасці адзінага маральнага кандыдата Мікалая Статкевіча або байкот. Паводле ягоных слоў, у беларусаў няма ніякай цікавасці да будучай выбарчай кампаніі, і, што б сёння не рабіла апазіцыя, байкот адбудзецца сам сабою. Палітык таксама адзначыў, што колькасць кандыдатаў на будучых «выбарах» не мае значэння.
Са слоў Саннікава, надоечы ён даведаўся ад аднаго з незалежных назіральнікаў, што на ўчастку ў Палацы прафсаюзаў у Менску ў 2010 годзе за яго прагаласавалі 46% выбарцаў, а за Лукашэнку - 31%. Апазіцыя перамагла прэзідэнцкія выбары ў 2010 годзе. Але пасля гэтага адбыліся масавыя рэпрэсіі, а жорсткай рэакцыі Еўропы не было. Саннікаў падкрэсліў патрэбу распрацоўкі выразнай стратэгіі ЕЗ і Захаду ў дачыненні да Беларусі.
Палітык распавёў, што чыноўнікам у Брусэлі прапануюць план легітымізацыі Лукашэнкі, які, як паказаў 2010 год, можа прывесці толькі да ўзмацнення рэпрэсій, што адбываецца ўжо цяпер. Саннікаў адзначыў, што Польшчы небяспечна недаацэньваць пагрозу з боку дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. Па-дурному сёння абмяркоўваць стасункі, якія складваюцца паміж Пуціным і Лукашэнкам, мяркуе ён. Саннікаў нагадаў, што нягледзячы на адсутнасць беларускага дыктатара ў Маскве 9 траўня, у парадзе ў Менску возьмуць удзел расейскія дэсантнікі і зенітныя ракетна-гарматныя комплексы «Панцыр».
Уладзімір Някляеў заявіў, што намагае на патрэбе вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на будучых «выбарах», бо мяркуе, што толькі ён зможа аб'яднаць грамадства перад тварам расейскай агрэсіі. Паводле ягоных слоў, гэта яшчэ магчыма зрабіць. Менавіта праз няздольнасць дамовіцца пра гэта, яму давялося сысці з апазіцыйных структур, падкрэсліў Някляеў.
Намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Народная Грамада») Аляксандр Арастовіч распавёў аб сітуацыі з палітвязнем Мікалаем Статкевічам. Ён падкрэсліў, што выбарчая кампанія 2010 года не скончылася, пакуль адзін з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта знаходзіцца ў турме. Удзел у новых «выбарах», паводле ягоных слоў, амаральны і вядзе да легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі.
Кіраўнік камуністычнай партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін адзначыў, што апазіцыя прыйшла да кампаніі 2015 года ў аслабленым стане, але праз цяжкую эканамічную сітуацыю ў краіне ўлада няма такой колькасці рэсурсаў, як было раней. Таму, са слоў палітыка, сёння адкрываецца «акно магчымасцяў», якое трэба выкарыстоўваць.
Намеснік кіраўніка руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч параіў еўрапейцам, якія шукаюць пазітыўныя сігналы ад афіцыйнага Менску, не падманвацца. Таксама ён нагадаў аб тым, што нічога незвычайнага ў адмове Лукашэнкі ехаць на парад у Маскву няма - беларускі дыктатар цягам апошніх 10 гадоў заўсёды заставаўся на ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 9 траўня, у Беларусі.
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што адзіны кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах - гэта фармальнасць. Галоўным павінна стаць патрабаванне правесці адкрытыя і сумленныя выбары. На гэтай платформе, са слоў палітыка, можна аб'яднаць апазіцыю. Пры гэтым ён падкрэсліў, што вынікі «выбараў» абсалютна прадказальныя, і ўсе ведаюць, чым яны скончацца. Галоўнае, са словах лідара АГП, гэта пагроза легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі. Палітык адзначыў, што разглядаць дыктатара як гаранта незалежнасці Беларусі - памылка і безвыходнасць. Лукашэнка - гарант толькі ўласнай улады, сказаў ён.