Маці Кірылы Сілівончыка: Сказалі, была наводка з Беларусі
- 23.04.2015, 16:08
Ураджэнца Гомельшчыны пасадзілі ў Расеі за неабачлівы запіс у сацыяльных сетках. Маці распавядае аб званку сына з СІЗА.
Блізкія беларуса Кірылы Сілівончыка не прысутнічалі ў Маскоўскім акруговым вайсковым судзе падчас вынясення прысуду. Абвінавачаны сам пра гэта прасіў, паведамляе «Еўрарадыё».
Нагадаем, што ў пачатку красавіка грамадзяніна Беларусі пакаралі за запіс, прысвечаны вайне ва Украіне. Гэтую публікацыю ў Расеі расцанілі як «тэрарыстычную дзейнасць». Кірылу Сілівончыку далі два гады калоніі-пасялення. Да гэтага беларус працаваў на расейскім вайсковым заводзе.
Як распавядае Наталля Віктараўна, маці асуджанага, праз тэлефон сын коратка дзяліўся эмоцыямі, як яму даводзіцца ў расейскім СІЗА.
«Ён сказаў: «Тое, што я перажыў, - не дай Бог гэта каму пажадаць». У яго там апусціліся рукі, была дэпрэсія. Я на яго лаялася, крычала, падтрымлівала», - распавядае яна.
Тым не менш Кірыл адразу зразумеў, што даказаць сваю невінаватасць у яго не атрымаецца. Беларус ужыў такую тактыку, каб ва ўсім прызнацца, супрацоўнічаць са следствам і такім чынам атрымаць самы мяккі прысуд. Так яно і выйшла. У горшым выпадку Сілівончык мог атрымаць і пяць гадоў пазбаўлення волі.
Да затрымання Кірыл працаваў сістэмным адміністратарам на абаронным прадпрыемстве ў Ніжнім Ноўгарадзе. Пры такой пасадзе беларус дазваляў сабе смелыя паведамленні ў сацыяльных сетках і адкрываў сваю старонку для ўсіх ахвотных.
«Я размаўляла з людзьмі, якія блізкія да гэтай справы. Яны сказалі, што была наводка з Беларусі. А за ім там проста сачылі. І вось ён паставіў гэты запіс - і яго хутка затрымалі. Такія ў мяне звесткі былі», - кажа маці асуджанага.
Наталля Віктараўна прызналася і ў тым, што абмяркоўвала з сынам ягоную антырасейскую карэспандэнцыю:
«Я казала: «Як ты мог гадзіць на тое месца, дзе ты знаходзішся? Працу далі, заробак далі, там ты жывеш - як ты мог да такога дадумацца!» Ён сказаў: «Што зроблена - то зроблена, за гэта прыйдзецца адказаць!».
Пры гэтым, паводле слоў мамы, ва Украіне Кірыл Сілівончык ніколі не быў, і нават расейскія следчыя пераканаліся, што ні ў якія супрацьзаконныя і нават легальныя палітычныя арганізацыі сын ніколі не ўваходзіў.