BE RU EN

Мінпрацы: Не хочаш плаціць падатак на «дармаедства» - не купляй прадукты

  • 23.04.2015, 16:19

Распрацоўшчыкі скандальнага дэкрэта №3 будуць займацца маніторынгам яго выканання, пасля чаго могуць унесці некаторыя праўкі.

Пра гэта заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, піша tut.by.

Дэкрэт павінен папрацаваць да канца года ў ранейшым выглядзе, каб вызначыць, ці ёсць у ім нейкія слабыя месцы, распавядае прадстаўнік Мінпрацы. «Калі пісаўся дэкрэт, не было мэты паставіць нейкія жорсткія невыканальныя рамкі. Пры яго падрыхтоўцы мы сапраўды пастараліся ўлічыць усе разумныя віды грамадска карыснай дзейнасці, каб спецыяліст ні пры якіх умовах не трапіў у катэгорыю плацельшчыкаў гэтага збору. Калі штосьці мы прапусцілі неспадзявана, калі ўзнікнуць нейкія пытанні, то мы, вядома ж, разгледзім усе варыянты», - удакладніў Валерый Кавалькоў.

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны мяркуе, што распрацоўшчыкі дэкрэта ўлічылі практычна ўсе спрэчныя моманты. Выключэнне складае хіба што магчымасць жыць на назапашванні. Але і тут, на думку чыноўнікаў, не ўсё так адназначна. «Атрымліваецца, што тры гады адпрацаваў, а цяпер 10 гадоў можа быць сацыяльным утрыманцам? Напэўна, гэта не зусім правільна, - мяркуе намеснік міністра. - З іншага боку, у кагосьці атрымалася больш грошай зарабіць, так, ён заплаціў больш падаткаў, але , магчыма, ён змог падтрымаць сваімі падаткамі сельскую гаспадарку, дзякуючы гэтаму такія нізкія закупачныя кошты сельгаспрадукцыі».

Жыць у дзяржаве і быць свабодным ад яе нельга, перакананы Валерый Кавалькоў. «Я бяру ўсё, у тым ліку пражыванне ў кватэры, святло, газ, ваду, ацяпленне, транспарт... Хай не жадаючыя плаціць падатак ездзяць на асабістым транспарце. У нас прадукты харчавання датуюцца. Калі ласка, не карыстайся ніякімі сацыяльнымі выгодамі», - канстатуе Валерый Кавалькоў.

Цяпер спецыялісты Мінпрацы і іншых ведамстваў - распрацоўшчыкаў дэкрэта адказваюць на звароты паводле прынцыпу яго дзеяння. Да прыкладу, нядаўна мужчына пацікавіўся, ці могуць яны з жонкай па чарзе па паўгода займацца выхаваннем свайго дзіцяці, якому яшчэ не споўнілася 3 гады. «У дэкрэце гаворыцца, што час догляду за дзіцем залічваецца аднаму з бацькоў (у якасці вызвалення ад выплаты падатку). Але пагадзіцеся, калі ўся сям'я не працуе, даглядае адно дзіця - гэта таксама, напэўна, не зусім нармальна», - кажа намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны. Зрэшты, калі кожны (муж і жонка) адпрацуе цягам года як мінімум 183 каляндарныя дні, то падатак ім выплачваць не прыйдзецца.

Аднак адказы на большасць пытанняў, якія паступаюць паводле дэкрэту, можна знайсці ў тэксце самога дэкрэта, упэўнены прадстаўнік Мінпрацы. «Нельга сказаць, што гэта шквал зваротаў. Аб пытаннях дэкрэта ў Мінпрацы паступае не больш лістоў, чым аб пенсійным забеспячэнні», - удакладняе Валерый Кавалькоў.

Тым часам ідзе збор подпісаў пад онлайн-петыцыяй за скасаванне дэкрэта для «дармаедаў». Свае подпісы на момант напісання матэрыялу пакінулі больш за 31 тысячу чалавек. Спецыялісты Мінпрацы ў курсе збору подпісаў, яны праглядаюць каментары да петыцыі. «Гэта права людзей - збіраць подпісы. Але скасаваць дэкрэт можа толькі кіраўнік дзяржавы, - удакладніў Валерый Кавалькоў. - Але многае, што народ прапануе, не звязана ні з цяжкасцю, ні з нейкім унёскам у дзяржаву».

Дэкрэт N3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» Лукашэнка падпісаў 2 красавіка 2015 года. У каментары да дэкрэту сказана, што гэты прававы акт выдадзены «ў мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў».

Дэкрэтам устанаўліваецца абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, якія стала пражываюць у нашай краіне, асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні (паўгода) у мінулым годзе, у выплаце збору ў памеры 20 базавых адзінак.

Апошнія навіны