Пятро Парашэнка: Санкцыі супраць РФ не скасуюць да поўнага выканання менскіх пагадненняў
- 23.04.2015, 16:24
Прэзідэнт Украіны верыць, што калі ўмовы менскіх пагадненняў не будуць выкананыя, то санкцыі будуць падоўжаныя ў чэрвені.
Пра гэта Пятро Парашэнка заявіў у інтэрв'ю французскаму тэлеканалу iTele, піша "Лiга.нет".
"Пастанова Рады ЕЗ з'яўляецца выразнай і празрыстай: калі не будуць выкананыя ўмовы, зафіксаваныя ў менскіх пагадненнях, санкцыі не могуць быць скасаваныя", - адзначыў ён.
Пятро Парашэнка нагадаў, што Масква павінна забяспечыць вяртанне Украіне кантролю над часткай усходняй мяжы, вывядзенне ўсіх замежных войскаў з украінскай тэрыторыі, вызваленне ўсіх закладнікаў, развязанне гуманітарнай катастрофы ў Данбасе, у тым ліку наданне бесперашкоднага доступу міжнароднай гуманітарнай дапамозе, аднаўленне працы банкаўскай сістэмы і аднаўленне эканомікі акупаваных тэрыторый.
"Пакуль гэта не будзе дасягнута, санкцыі не могуць быць знятыя. Я ўпэўнены, што калі гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, то санкцыі будуць падоўжаныя ў чэрвені. ЕЗ выконвае пастановы і годна пройдзе гэты шлях", - перакананы ён.