BE RU EN

Нямеччына анулюе шэнгенскія візы «Начным ваўкам»

  • 24.04.2015, 12:26

Байкеры Пуціна маюць праблемы з атрыманнем шэнгенскіх візаў, а ўлада Нямеччыны анулюе выдадзеныя ім раней візы.

Пра гэта паведаміў польскі міністр замежных спраў Гжэгаж Схетына ў эфіры Radio Zet, паведамляе УНИАН.

«Ведаю, што яны маюць праблемы з атрыманнем шэнгенскай візы», - сказаў міністр, каментуючы праблему рэйду байкераў з Масквы ў Берлін.

«У сваю чаргу, Нямеччына анулюе шэнгенскія візы», - сказаў Схетына і дадаў, што польскі ўрад плануе разгледзіць, ці прапускаць гэтых байкераў на сваю тэрыторыю, сёння ў другой палове дня.

Схетына не выключыў, што Польшча таксама анулюе выдадзеныя ўдзельнікам гэтага клуба шэнгенскія візы. «Мы павінны ўбачыць, якой будзе візавая сітуацыя, як яна звязана са спісам, які мы атрымалі», - растлумачыў міністр.

Раней прадстаўнікі ўлады Польшчы назвалі правакацыяй запланаваны «Начнымі ваўкамі» праезд з Расеі ў Нямеччыну ў межах быццам ушанавання 70-й гадавіны заканчэння Другой сусветнай вайны.

«Начныя ваўкі» плануюць праехаць па тэрыторыі Расеі, Беларусі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі і Нямеччыны. Польшча павінна стаць першай краінай Еўразвязу на іх шляху, і польскія памежнікі павінны пастанавіць, ці прапускаць іх на тэрыторыю Шэнгена.

Апошнія навіны