МЗС Расеі незадаволены самітам «Усходняга партнёрства»
- 24.04.2015, 18:21
Масква разглядае мерапрыемства як антырасейскае.
Расея адмоўна ставіцца да правядзення ў траўні ў Рызе саміту «Усходняга партнёрства», мерапрыемства мае відавочна антырасейскую накіраванасць, заяўляюць у расейскім МЗС, паведамляе «Інтэрфакс».
«Вельмі адмоўна ставімся. Мы, вядома, будзем сачыць за тым, як будзе праходзіць саміт у Рызе, але ўжо відавочна, што нашая рэакцыя будзе дастаткова жорсткай і прынцыповай, бо мы бачым, куды рухаецца гэта партнёрства, і якія адценні яно набывае з улікам пазіцый удзельнікаў гэтай праграмы з боку , перш за ўсё Еўрапейскага Звязу», - заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Аляксандр Лукашэвіч на брыфінгу ў Маскве ў пятніцу.
«Прынцыпова тое, што сэнс партнёрства мае яскрава выяўленую антырасейскую накіраванасць», - падкрэсліў ён.
Латвія, якая старшынюе ў ЕЗ, правядзе ў Рызе саміт «Усходняга партнёрства» 21 і 22 траўня.
«Усходняе партнёрства» - праект Еўрапейскага Звязу, які асноўнай заяўленай мэтай мае развіццё інтэграцыйных сувязяў Еўразвязу з шасцю краінамі былога СССР: Украінай, Малдовай, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй ды Беларуссю.
Асноўнымі прыярытэтамі рэформаў у краінах-партнёрах і іх супрацоўніцтва з ЕЗ названыя наступныя галіны: дэмакратыя, удасканаленне сістэмы кіравання і забеспячэнне стабільнасці; эканамічная інтэграцыя і канвергенцыя з галіновай эканамічнай палітыкай ЕЗ, уключаючы стварэнне зон свабоднага гандлю; энэргетычная бяспека; развіццё кантактаў паміж людзьмі (лібералізацыя візавага рэжыму і ўзмацненне барацьбы з незаконнай міграцыяй).