BE RU EN

Офіс Мэркель папрасіў МЗС ануляваць візы байкерам Пуціна

  • 25.04.2015, 18:22

Офіс канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель звяртаўся да замежнапалітычнага ведамства з просьбай ануляваць візы для ўдзельнікаў скандальнага мотапрабегу.

Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на выданне Bild.

Нямецкае пасольства ў Маскве выдала візы дзесяці ўдзельнікам мотапрабегу ў гонар перамогі. Аднак, паводле інфармацыі выдання, органы бяспекі, у тым ліку Міністэрства ўнутраных спраў, установы звярнуліся да Ангелы Мэркель з просьбай выкарыстаць свой аўтарытэт для анулявання выдадзеных віз. Да вечара пятніцы гэтага зроблена не было.

Раней Польшча адмовіла ва ўездзе байкерам мотаклуба «Начныя ваўкі» на тэрыторыю краіны. Аднак байкеры не адмовіліся ад ідэі мотапрабегу і 25 красавіка адправіліся «на Берлін». Правакацыяй мотапрабег назвала і кіраўніцтва Польшчы і Чэхіі.

У пятніцу чэшскія і славацкія палітыкі, грамадскія і культурныя дзеячы, пісьменнікі і журналісты звярнуліся да лідараў Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Аўстрыі і Нямеччыны не дапусціць уезду расейскага мотаклуба «Начныя ваўкі» на тэрыторыі гэтых краін.

«Банда «Начных ваўкоў» увасабляе ўладныя прэтэнзіі Расеі на сённяшні мірны еўрапейскі свет, яна дзейнічае па-за рамкамі свабодных дэмакратычных таварыстваў», - гаворыцца ў іх звароце.

24 красавіка МЗС Польшчы перадало ў амбасаду Расеі ў Варшаве ноту, што ўдзельнікі мотаклуба «Начныя ваўкі» не змогуць трапіць у Польшчу, бо ім адмоўлена ва ўездзе. Міністэрства абгрунтавала сваю пастанову тым, што польскі бок не атрымаў дэталёвай інфармацыі аб графіку знаходжання расейскіх байкераў на тэрыторыі краіны, іх маршруце і месцы начлегаў.

Апошнія навіны