Францыя ды Нямеччына блакуюць заяву саміту Украіна-ЕЗ?
- 25.04.2015, 20:36
Заўтра сталыя прадстаўнікі ЕЗ будуць спрабаваць знайсці кампрамісы.
Францыя ды Нямеччына блакуюць супольную заяву, якая павінна быць прынятая па выніках саміту Украіна-ЕЗ, які адбудзецца 27 красавіка ў Кіеве. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на еўрапейскага дыпламата ў Брусэлі.
"Яны цяпер спрабуюць унесці ў тэкст заявы папраўкі, якія цалкам нівеліруюць яе заявы", - растлумачыў ён сітуацыю.
Паводле слоў дыпламата, на гэтую нядзелю, 26 красавіка, тэрмінова склікаюць пасяджэнні сталых прадстаўнікоў (COREPER).
"COREPER збярэцца ў нядзелю ўвечары і будзе спрабаваць знайсці кампраміс. Цяпер вашыя (украінскія дыпламаты) прыкладаюць усе намаганні, каб выратаваць сітуацыю", - распавёў суразмоўца агенцтва.
Саміт Украіна - Еўрапейскі Звяз пройдзе 27 красавіка ў Кіеве. Чакаецца, што на наступны дзень пасля саміту пройдзе Міжнародная інвестыцыйная канферэнцыя.
У саміце возьме ўдзел вышэйшае кіраўніцтва Украіны і Еўрапейскага Звязу. Прадугледжваецца ўдзел старшыні Еўракамісіі Жана-Клода Юнкера і старшыні Еўрапейскай Рады Дональда Туска.