«Чарнобыльскі шлях»: Не - расейскай ядзернай пагрозе
- 26.04.2015, 13:55
Акцыя, прымеркаваная да гадавіны аварыі на ЧАЭС, прайшла ў Менску.
Традыцыйны «Чарнобыльскі шлях» дазволены сталічнымі ўладамі, але з іх ініцыятывы ў гэтым годзе пройдзе з некаторымі зменамі. Прынамсі, час збору людзей скарацілі з гадзіны да 30-ці хвілін. Дадатковай складанасцю арганізатары шэсця называюць аплату паслуг міліцыі. Кіраўніцтва сталічнай міліцыі са свайго боку паабяцала, што атрыманыя грошы пералічаць у адзін з дзіцячых дамоў.
Шэсце адбылося ў нядзелю, 26 красавіка. Збор удзельнікаў быў прызначаны а 14-й гадзіне каля кінатэатра "Кастрычнік".
Адтуль шэсце рушыла да помніка «Ахвярам Чарнобыля» у Менску - Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў, дзе ўсклалі кветкі, запалілі свечкі і ўшанавалі памяць ахвяр і ліквідатараў чарнобыльскай катастрофы хвілінай маўчання. Дэманстрацыя ў гэтым годзе прайшла пад лозунгам «Не - расейскай ядзернай пагрозу».
Сайт charter97.org вёў онлайн-рэпартаж з «Чарнобыльскага шляху».
16:00 Акцыя скончылася ўскладаннем кветак каля капліцы. Таксама яе ўдзельнікі запалілі свечкі ў памяць аб ахвярах аварыі на ЧАЭС.
15:59 Сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец паведаміў, што падчас шэсця збіраліся подпісы за вылучэнне палітвязня Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.
15:44 Удзельнікі шэсця дайшлі да Чарнобыльскай капліцы на скрыжаванні вуліц Сурганава і Карастаянавай.
15:43У акцыі ўдзельнічаюць экалагічныя актывісты. Ірына Сухій паведаміла, што ў дадатак да наступстваў аварыі на ЧАЭС, пагрозу для Беларусі цягнуць як будаўніцтва новай станцыі, так і тое, што рэжым Лукашэнкі з'яўляецца хаўруснікам Пуціна, які ўжо пагражаў краінам Захаду ядзернай вайной.
15:30 Праваабаронцы і журналісты папярэджваюць аб магчымасці затрымання некаторых удзельнікаў акцыі. Асаблівую ўвагу міліцыі прыцягваюць людзі ў саколках «Лукашэнка, сыходзь» і тыя, хто нясе ўкраінскія сцягі.
15:28 Гучаць лозунгі «Не - АЭС у Беларусі», «Не - расейскай ядзернай пагрозе», а таксама «Слава Украіне» і «Жыве Беларусь».
15:25 Праваабаронцы паведамляюць пра тое, што ў акцыі прымаюць удзел прыкладна 500 чалавек. Вуліцы пераходзяць толькі на зялёны сігнал святлафора. Супрацоўнікі міліцыі здымаюць людзей на відэа.
15:15 Удзельнікі акцыі дайшлі да плошчы Бангалор і накіроўваюцца да Чарнобыльскай капліцы. Мітынгу ў Парку дружбы народаў сёння не будзе.
15:05 Супрацоўнікі міліцыі стаяць уздоўж усяго маршруту шэсця - праз кожныя тры метры. Нагадваем, раней стала вядома: што ГУУС запатрабавала 15 мільёнаў рублёў ад арганізатараў мерапрыемства за «ахову».
14:57 Галава калоны перасекла перакрыжаванне з вуліцай Якуба Коласа.
14:51 Шэсце праходзіць па вузкіх ходніках вуліцы Сурганава. Іх шырыня - некалькі метраў. Многія ўдзельнікі і журналісты адзначаюць, што ісці па ходніках вельмі нязручна, а выходзіць на праезную частку нельга.
14:46 Расейская экалагічная арганізацыя «Экаабарона» у сваёй заяве, прымеркаванай да 29-й гадавіны Чарнобыльскай аварыі, падтрымала патрабаванні ўдзельнікаў акцыі ў Менску, якія выступаюць за мір, раззбраенне і бяз'ядзернай развіццё. Расейскія эколагі адзначаюць, што паводле паказчыка эканамічнага ўрону Чарнобыльскую радыяцыйную катастрофу можна параўнаць з аварыяй на японскай АЭС Фукусіма Даічы, аднак у аб'ёме радыеактыўнага забруджвання ёй няма роўных.
14:45 Сярод удзельнікаў шэсця - украінцы. Некаторыя нясуць сіне-жоўтыя сцягі.
14:40 Калона пачала рух у бок вуліцы Сурганава. Дэманстранты скандуюць «Жыве Беларусь». Над імі лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі ЕЗ, грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога фронту», аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» ды іншых арганізацый.
14:34 Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў нагадаў на акцыі пра «рабскі» дэкрэт №3, нядаўна падпісаным Лукашэнка, паведамляе «Радыё Рацыя».
14:30 Пачынаецца фармаванне калоны. Наперадзе - транспарант «Не - расейскай ядзернай пагрозе».
14:25 Традыцыйна шэсце будзе праходзіць з абразом Божай маці Чарнобыльскай. Яе прынеслі арганізатары акцыі.
14:20 Два актывісты «Еўрапейскай Беларусі», у тым ліку Максім Вінярскі, з'явіліся на месцы збору ў саколках з надпісамі «Лукашэнка, сыходзь!» з аднаго боку і «Байкот выбарчаму фарсу» - з другога. Яны ж разгарнулі расцяжку «Патрабуем вызваліць палітвязняў».
14:14 Удзельнікі акцыі разгарнулі плакат з патрабаваннем вызваліць Кірыла Сілівончыка - беларуса, арыштаванага ў Расеі за салідарнасць з Украінай.
14:06 Сабралася ўжо некалькі сотняў чалавек. Людзі падыходзяць на пляцоўку ля кінатэатра "Кастрычнік". Ідзе збор подпісаў за вызваленне палітвязняў, піша «Наша нiва».
14:00 Мікалай Дземідзенка, а таксама былыя палітвязні Уладзіслаў Яроменак і Эдуард Лобаў разгарнулі сцяг «Маладога фронту». Прысутнічае сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец і праваабаронца Валер Шчукін, паведамляе «Радыё Свабода».
13:55 Падняты першы бел-чырвона-белы сцяг.
13:50 На пляцоўцы перад кінатэатрам "Кастрычнік" збіраюцца першыя ўдзельнікі акцыі.
26 красавіка 1986 года адбылася адна з найбуйнейшых радыяцыйных катастроф - аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Яна закранула кожнага жыхара Беларусі. У выніку аварыі на ЧАЭС у атмасферу было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасля атамнай бамбардзіроўкі японскага горада Хірасіма.
Больш за 70 адсоткаў радыенуклідаў аселі на тэрыторыі Беларусі. Ад наступстваў катастрофы пацярпелі каля двух мільёнаў жыхароў нашай краіны, у тым ліку больш за 500 тысяч дзяцей. Навукоўцы паведамляюць, што ад радыяцыі ў Беларусі ўжо памерлі 200 тысяч беларусаў. Тэрыторыя Беларусі на многія стагоддзі стала зонай экалагічнага бедства.
Беларускія ўлады злачынна замоўчваюць праблему радыяцыі. Падчас кіравання Лукашэнкі ў Беларусі была скарочаная колькасць тэрытарыяльных зон з перыядычным радыяцыйным кантролем. Сёння на моцна заражаных тэрыторыях (ад 15 да 40 кюры) жыве каля 150 000 чалавек, хоць у Расеі і Украіне з такіх зон даўно ўсіх адсялілі. Улады паведамляюць, што гэтыя тэрыторыі «ачысціліся» і заклікаюць людзей вяртацца ў небяспечную для жыцця зону.
«Чарнобыльскі шлях» беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Менску ў фармаце шэсця, якое скончваецца мітынгам.