BE RU EN

Расея ўслед за Беларуссю хоча караць за «дармаедства»

  • 27.04.2015, 9:54

Расейцаў, якія ўхіляюцца ад працаўладкавання звыш шасці месяцаў, прапануецца караць папраўчымі работамі тэрмінам да аднаго года.

Заканадаўчы сход Санкт-Пецярбурга падрыхтаваў пакет паправак у федэральныя законы, якія найбліжэйшым часам будуць унесеныя ў Дзярждуму РФ. Для ўстанаўлення крымінальнай адказнасці прапануецца прапісаць у Канстытуцыі РФ, што праца - гэта не толькі права, але і абавязак кожнага грамадзяніна. Не будуць уважацца дармаедамі грамадзяне да 18 гадоў, інваліды, бацькі дзяцей-інвалідаў, жанчыны з дзецьмі ва ўзросце да 14 гадоў і шэраг іншых катэгорый грамадзян. У камітэце Дзярждумы працы, сацыяльнай палітыкі і спраў ветэранаў адзначылі, што ініцыятыва заснаваная на ідэі павялічыць падатковыя даходы дзяржавы, і абавязкова будзе разгледжаная на пасяджэнні камітэта, пішуць «Известия».

У заўвазе да законапраекта гаворыцца, што караць не будуць грамадзян да 18 гадоў, інвалідаў, бацькоў дзяцей-інвалідаў, цяжарных жанчын, жанчын з дзецьмі ва ўзросце да 14 гадоў, святароў і іншыя катэгорыі насельніцтва. Пры гэтым «ценявыя» працаўнікі, не аформленыя належным чынам, таксама трапляюць пад паняцце дармаедаў.

Згодна з законам «Аб занятасці насельніцтва ў РФ», прыдатнай лічыцца такая праца, якая адпавядае ўзроўню кваліфікацыі работніка, умовам апошняга месца працы, стану здароўя і транспартнай даступнасці працоўнага месца.

«Паводле афіцыйных ацэнак намесніка старшыні ўрада РФ Вольгі Галадзец, у Расеі занятымі ў розных працоўных сферах з'яўляюцца 48 млн. чалавек, 20 млн чалавек занятыя без належнага афармлення свайго статусу, 18 млн. чалавек працаздольнага насельніцтва з'яўляюцца незанятымі», - прыводзіцца статыстыка ў тлумачальнай запісцы.

Першы намеснік старшыні камітэта ДД у канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Аляксандр Агееў упэўнены, што абмяжоўваць правы людзей нельга.

«Канстытуцыю трэба мяняць і ўдасканальваць, але толькі для рэалізацыі правоў і свабод, а не для іх абмежавання, - кажа ён. - Цяпер падчас крызісу на працу ўладкавацца можа толькі па-сапраўднаму добры спецыяліст, і ў выніку рынак сам адрэагуе, хто дармаед, а хто не».

Нагадаем, Дэкрэт N3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» беларускі дыктатар падпісаў 2 красавіка 2015 г. У каментары да дэкрэту сказана, што гэты прававы акт выдадзены «ў мэтах стымулявання працаздольных грамадзян да працоўнай дзейнасці і забеспячэння выканання імі канстытуцыйнага абавязку аб удзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў».

Дэкрэтам устанаўліваецца абавязак грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш 183 каляндарных дзён (паўгода) летась, у выплаце збору ў суме 20 базавых велічынь.

Апошнія навіны