BE RU EN

Байкеры Пуціна пакінулі Беларусь праз «Варшаўскі мост»

  • 27.04.2015, 12:27

«Начныя ваўкі» пакінулі тэрыторыю Беларусі і накіраваліся ў бок польскага прапускнога пункта каля Тэрэспаля.

Пра гэта паведамляе карэспандэнт Рускай службы Бі-бі-Сі месца падзей.

Беларускія памежнікі толькі што праверылі пашпарты і прапусцілі байкераў.

Усяго ў калоне было блізу 15 матацыклаў. Байкеры знялі з галаўной машыны расейскі сцяг і перадалі яго прадстаўніку расейскага консульства. Да гэтага яны казалі, што консул будзе прысутнічаць пры перасячэнні польскай мяжы, але дыпламат застаўся са сцягам на беларускім баку.

Раней улады Польшчы заявілі, што не пусцяць у краіну прадстаўнікоў байк-клуба. Крыніцы ў памежнай службе Беларусі распавялі, што польскі бок апошнія некалькі дзён вельмі старанна правярае дакументы ўсіх, хто перасякае мяжу. Між іншым, мінулай ноччу было адмоўлена ва ўездзе некаторым байкерам, у якіх не быў забраніраваны гатэль у Польшчы.

Нагадаем, у сярэдзіне красавіка сябры расейскага байкерскага клуба «Начныя ваўкі», з якім сябруе прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, абвясцілі аб правядзенні з 25 красавіка да 9 траўня мотапрабегу ў гонар 70-годдзя перамогі над фашызмам з Масквы ў Берлін праз Менск, Берасце, Вроцлаў, Брно, Браціславу, Вену, Прагу, Мюнхэн і іншыя еўрапейскія гарады. Лідар клуба Аляксандр Залдастанаў з'яўляецца ініцыятарам руху «Антымайдан» і ўваходзіць у лік грамадзян РФ, якія трапілі ў спіс неўязных у краіны ЕЗ.

Планы расейскіх байкераў выклікалі негатыўную рэакцыю ў краінах, якія яны маюць намер наведаць у рамках акцыі.

24 красавіка МЗС Польшчы перадало ў амбасаду Расеі ў Варшаве ноту, у якой адмовіла групе расейскіх матацыклістаў ва ўездзе на польскую тэрыторыю, паведамляе інтэрнэт-выданне.

Апошнія навіны