BE RU EN

Генеральны сакратар Рады Еўропы не паедзе ў Маскву 9 траўня

  • 28.04.2015, 14:35

Кіраўніцтва Рады Еўропы прыняло пастанову, што ніхто з высокага кіраўніцтва РЕ ва ўрачыстасцях у гонар Дня перамогі ў сталіцы Расеі ўдзельнічаць не будзе.

Генеральны сакратар арганізацыі Тарб'ерн Ягланд не паедзе ў Маскву на парад Перамогі, паведамляе Deutsche Welle.

Кіраўніцтва Рады Еўропы разглядала магчымасць накіраваць у Маскву аднаго з яго намеснікаў, аднак нарэшце была прынятая пастанова, што ніхто з высокага кіраўніцтва Рады Еўропы ва ўрачыстасцях у гонар Дня перамогі ў Маскве 9 траўня ўдзельнічаць не будзе.

Афіцыйнай заявы з гэтай нагоды ад генеральнага сакратара РЕ яшчэ не было.

Раней Масква накіравала шэрагу сусветных лідараў запрашэнні наведаць урачысты парад у гонар 70-й гадавіны Перамогі. Ад паездкі ў Маскву ўжо адмовіліся прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Амерыканскі лідар Барак Абама таксама не прыедзе ў Расею 9 траўня. Як паведаміла Канцылярыя брытанскага прэм'ера Дэвіда Кэмерана, ён таксама адмовіўся наведаць Маскву.

Прыязджаць у Маскву на вайсковы парад 9 траўня адмовілася і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, аднак яна мае намер прыляцець у расейскую сталіцу 10 траўня і разам з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуцінам ускласці кветкі да магілы невядомага салдата ля крамлёўскай сцяны.

Апошнія навіны