Пасланне народа да Лукашэнкі: Шмат слоў, але ўсе яны - лаянка
- 29.04.2015, 10:25
Сёння дыктатар выступіць з традыцыйным штогадовым «пасланнем беларускаму народу і «нацыянальнаму сходу».
Напярэдадні гэтай падзеі журналісты tut.by пагутарылі з менчукамі аб праблемах у краіне, каб азнаёміць Лукашэнку з пасланнем беларусаў да яго.
Між іншым, як людзі ацэньваюць «поспехі» краіны летась і чым варта заняцца уладам у 2015-м?
Многія выказалі сваю незадаволенасць чарговай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты, нястрымным ростам коштаў, беспрацоўем і абсалютна недарэчным у такіх умовах прыняццем дэкрэта аб «дармаедах», нізкімі заробкамі і пенсіямі.
Хтосьці запатрабаваў вяртання савецкіх укладаў, якія ў той ці іншай ступені кампенсавалі практычна ва ўсіх іншых былых рэспубліках СССР, хтосьці абурыўся тым, што Лукашэнка занадта шмат кажа пра народ, але нічога не робіць для народа.
Аднак калі людзям прапанавалі напрамую звярнуцца да Лукашэнкі, многія адмовіліся, спалохаўшыся наступстваў, што красамоўна сведчыць аб ступені свабоды і дэмакратыі ў нашай краіне.
Праўда, адзін малады чалавек, якому, мабыць, проста ўжо няма чаго губляць, сказаў, што ў яго шмат слоў для Лукашэнкі, але ўсе яны, на жаль, лаянка.