BE RU EN

Пасол ЕЗ: Санкцыі супраць Расеі захаваюцца да канца года

  • 29.04.2015, 12:24

Еўрапейскі Звяз захавае адзінства ў пытанні санкцый супраць Масквы.

Абмежавальныя захады ў дачыненні да Расеі будуць дзейнічаць да канца года, паведаміў пасол ЕЗ у ЗША Дэвід О'Саліван, піша «Карэспандэнт» са спасылкай на Bloomberg.

Між іншым, палітык пракаментаваў пытанне пра рознагалоссі сярод еўрапейскіх краін з нагоды тэрмінаў дзеяння санкцыі супраць Расеі праз падтрымку сепаратыстаў на ўсходзе Украіны.

«Рэальнасць у тым, што ў нас было адзінства, і мы падтрымліваем гэта», - заявіў пасол.

Паводле слоў пасла ЕЗ у ЗША, санкцыі, якія абмяжоўваюць гандаль ЕЗ з Расеяй, будуць заставацца ў сіле да той пары, пакуль Расея не выканае ўсе пункты лютаўскага пагаднення.

«Тэрмін дзеяння санкцый у дачыненні да Расеі заканчваецца 30 ліпеня. Як чакаецца, яны будуць у сіле яшчэ цягам года», - адзначыў ён.

Раней канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заяўляла, што Еўразвяз можа падоўжыць санкцыі ў дачыненні да Расеі ўжо ў чэрвені. Яна нагадала, што ЕЗ яшчэ ў сакавіку наважыў звязаць пытанне зняцця або падаўжэння абмежавальных захадаў з выкананнем Масквой менскіх дамоўленасцей.

Нагадаем, Расея ў сакавіку 2014 года пасля ўводу войскаў анэксавала ўкраінскі Крым і пачала дэстабілізаваць абстаноўку ў Данбасе. Пры непасрэдным удзеле расейскіх спецслужбаў і падтрымцы расейскага войска на ўсходзе Украіны былі створаныя так званыя Данецкая і Луганская «народныя рэспублікі». РФ пастаўляе тэрарыстам зброю і накіроўвае на Данбас наймітаў і свае рэгулярныя войскі.

Праз гэтыя дзеянні ЗША, Еўразвяз, Канада, Японія, Аўстралія і многія іншыя краіны ўвялі санкцыі супраць Расеі.

Апошнія навіны