Міхаіл Залескі: Лукашэнка незадаволены, што народ хоча есці
- 29.04.2015, 14:13
Сярэдні беларус траціць на харчаванне 70% свайго бюджэту, а немец - 20%. А чаму так?
На гэтае пытанне «Радыё Свабода» адказаў эканаміст Міхаіл Залескі, каментуючы сённяшняе пасланне Аляксандра Лукашэнкі да народа і «парламента».
«Сярэдні беларус траціць на харчаванне 70% свайго бюджэту, а немец - 20%. А чаму так? Таму што ў нас заробкі малыя, бо вельмі малы экспарт, - сказаў Міхаіл Залескі. - Немцы - чэмпіёны свету ў экспарце, а мы - аўтсайдэры. Лукашэнку няма куды падзецца. Ён стварыў дзяржаву як калгас, дзе ён старшыня і нясе за ўсё адказнасць. І тут узнікае такая праблема: той калгас будзе эфектыўным, калі сярэдні заробак будзе 130 даляраў. Тады калгас «Беларусь» будзе канкурэнтаздольны. Але зразумела, што за гэтыя грошы немагчыма існаваць. І гэта раз'юшвае старшыню калгасу, бо людзі жаруць і жаруць як не ў сябе, і хочуць яшчэ».
Нагадаем, сёння дыктатар паскардзіўся на недастаткова высокія кошты прадуктаў.
«Відавочна, аб'еўся народ - вельмі нізкія кошты прадуктаў харчавання», - сказаў Лукашэнка, характарызуючы эканоміку краіны.