BE RU EN

Барыс Жаліба: Калі па вушы ў пазыках, трэба азірацца на галоўнага крэдытора

  • 29.04.2015, 15:14

Расейскае кіраўніцтва пільна назірае за Лукашэнкам.

Сёння Аляксандр Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланнем да народа і «парламента», у якім у адрас Расеі прагучала шмат пахвальных слоў. Прынамсі, дыктатар адзначыў, што калі хто і кажа пра тое, што Беларусь стала «хіліцца ў бок Захаду», то гэта «лухта несусветная» і запэўніў, што ўсім заходнікам ён заўсёды кажа пра тое, што «ледзь што, мы будзем з Расеяй». Эканаміст Барыс Жаліба растлумачыў charter97.org, адкуль зноў узяліся гэтыя прарасейскія хвалебныя прамовы.

- Падчас свайго сённяшняга выступу Лукашэнка падкрэсліў, што прыедзе ў Маскву і прадэманструе, што Беларусь - частка «рускага свету». З чым гэта звязана?

- Расейскае МЗС дало Лукашэнку зразумець, што не дай Бог ён паедзе ў Рыгу на саміт «Усходняга партнёрства». Тады ўжо будзе не да крэдыту. Таму, хутчэй за ўсё, ён туды не паедзе. Акрамя гэтага, пуцінскі істэблішмент вельмі незадаволены і ягоным візітам у Грузію, якая знаходзіцца ў нацягнутых дачыненнях з Расеяй з часоў прэзідэнцтва Саакашвілі. На мой погляд, вядома, шматвектарную палітыку праводзіць трэба, але ў ягоным становішчы, калі мы ў пазыках па вушы, даводзіцца азірацца на галоўнага крэдытора. Таксама тое, ці дадуць крэдыт, залежыць ад візіту Лукашэнкі ў Маскву на Дзень Перамогі. Прычым менавіта 9 траўня, а не 7 або 8! У прапуцінскіх колах у Расеі пра гэта кажуць, што гэта ледзь не здрада з ягонага боку. Гэтая акалічнасць таксама паўплывае на выдачу крэдыту і на час яго выдачы.

- Ці не зашмат промахаў цягам апошняга часу?

- Так, пакуль Лукашэнка набраў перад Расеяй шмат мінусавых балаў. Акрамя таго, вядуцца перамовы з Захадам і МВФ, каб цягам найбліжэйшых году-двух атрымаць нейкія крэдыты, і вядзецца палітыка збліжэння з Еўрасаюзам. Таксама вядуцца перамовы пра тое, як бы нам размясціць яшчэ дзяржаўныя аблігацыі Мінфіна на мільярд на еўрарынку. На гэта таксама коса глядзяць некаторыя людзі ў расейскім кіраўніцтве. А цяпер, вядома, Лукашэнка клянецца ў вечнай дружбе і вернасці Расеі, разумеючы, што ён ужо набраў занадта шмат мінусавых балаў і што пара б ужо іх нейтралізаваць гэтымі заявамі кампліментарнага характару.

Апошнія навіны