BE RU EN

Беларусь просіць новы крэдыт у АКФ ЕўрАзЭС

  • 3.04.2015, 11:12

Замест шостай раты беларускія ўлады падалі заяўку на новы крэдыт.

Беларускія ўлады больш не прэтэндуюць на апошнюю рату стабілізацыйнага крэдыту АКФ ЕўрАзЭС у аб'ёме 440 млн даляраў, які (крэдыт) Беларусь атрымала ў 2011-13 гадах. Замест раты беларускія ўлады падалі заяўку на новы крэдыт, паведамляе прэс-служба АКФ ЕўрАзЭС.

«Каманда экспэртаў Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) на чале з дырэктарам праектнай групы Антыкрызіснага фонду (АКФ) Алішэрам Мірзоевым наведала Менск з 23 да 27 сакавіка 2015 для кансультацый з уладамі РБ паводле заяўкі Рэспублікі Беларусь на атрыманне фінансавага крэдыту АКФ на падтрымку стабілізацыйнай праграмы Урада і Нацыянальнага банка РБ на 2015-2017 гг., якая паступіла ў ЕАБР у сакавіку 2015 года», - гаворыцца ў паведамленні.

Дэталі заяўкі беларускіх уладаў не ўдакладняюцца, піша АФН.

Паводле паведамлення, АКФ гатовы разглядаць новую заяўку Беларусі, аднак паказвае, што фінансаванне будзе выдзеленае пры ўмове правядзення рашучых структурных рэформаў праз адначасовую лібералізацыю цэн і рынкаў і далейшую аптымізацыю ролі дзяржавы ў эканоміцы.

«ЕАБР, як Упраўляючы сродкамі АКФ, агулам вітае захады новай эканамічнай каманды Беларусі, накіраваныя на ўзмацненне жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі праз рост працэнтных ставак і пераход да больш гнуткага рэжыму абменнага курсу ў адказ на пагаршэнне замежнай кан'юнктуры. Такая палітыка, пасля адмовы ад адміністрацыйных захадаў кіравання абменным курсам і праведзенай у пачатку 2015 года дэвальвацыі беларускага рубля, дапамагла стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку», - гаворыцца ў паведамленні.

Разам з тым, экспэрты банка адзначаюць, што «існы ўзровень рэальных працэнтных ставак, хутчэй за ўсё, з'яўляецца вельмі высокім, і далейшае іх зніжэнне павінна залежаць не толькі ад тэмпаў прагнознай інфляцыі».

«Разам з інфляцыяй, іншым эфектыўным арыенцірам для прыняцця пастаноў у палітыцы працэнтнай стаўкі, ва ўмовах, калі ў РБ захоўваецца значны кантроль над цэнамі і вялікі ўплыў абменнага курсу на іх узровень, з'яўляецца дэфіцыт рахунку існых аперацый (РІА). Узмацненне жорсткасці падаткова-бюджэтнай палітыкі праз скарачэнне аб'ёму крэдытавання ў рамках дзяржпраграм і яе цесная каардынацыя з грашова-крэдытнай палітыкай на фоне гнуткага валютнага курсу маглі б спрыяць не толькі эфектыўнаму скарачэнню дэфіцыту РІА ў гэтым годзе, але і нарошчванню міжнародных рэзерваў, стабілізацыі валютнага рынку, зніжэнню адсоткавых ставак і накіраванню крэдытных рэсурсаў у больш эфектыўныя праекты. Палітыка дасягнення ўнутранай і вонкавай раўнавагі, якая суправаджаецца зніжэннем кантролю над узроўнем цэн, звяла б да мінімуму як памеры ўсплёску інфляцыі, так і яго негатыўныя наступствы», - адзначаецца ў паведамленні.

Паводле вынікаў кансультацый бакі дамовіліся прадоўжыць падрыхтоўку Праграмы макраэканамічнай стабілізацыі і структурных рэформаў, якая магла б быць падтрыманая фінансавым крэдытам АКФ.

Апошнія навіны