«Вышаградская чацвёрка» падтрымлівае наданне фінансавай дапамогі Украіне
- 5.04.2015, 13:23
Краіны Вышаградскай чацвёркі падтрымліваюць наданне масіўнай фінансавай дапамогі Украіне.
Як паведамляе Радыё Прага, пра гэта міністры замежных спраў краін Вышаградскай чацвёркі заявілі на пасяджэнні прадстаўнікоў сямі ўсходнееўрапейскіх краін у Будапешце.
Краіны Вышаградскай чацвёркі таксама прапанавалі план надання дапамогі Украіны ў сферы энэргетыкі. Гаворка ішла аб пастаўках часткі газу, які набываецца краінамі ЕЗ.
Таксама на сустрэчы прагучаў заклік да лібералізацыі візавага рэжыму для грамадзян Украіны.
31 сакавіка Еўрапейская камісія прыняла пастанову выдзеліць Украіне апошнюю рату ў памеры 250 млн еўра ў рамках першай праграмы макрафінансавай дапамогі (610 млн еўра).
Паводле звестак ЕК, Украіна атрымала 1,360 млрд еўра макрафінансавай дапамогі ў 2014 годзе.
У 2014 годзе фінансаванне ЕЗ у рамках інструментаў Еўрапейскай палітыкі суседства склала 365 млн еўра, што з'яўляецца самай вялікай сумай, калі-небудзь выдзеленай Украіне.
Украіна ў 2014 годзе таксама атрымала гуманітарную дапамогу на суму 139 млн еўра і 2 млн еўра ў рамках тэматычных праграм развіцця грамадзянскай супольнасці і мясцовых органаў улады.
31 сакавіка Еўрапейская Рада прыняла пастанову, у якой зацвердзіла выдачу Украіне за 1,8 млрд еўра макрафінансавай дапамогі.
Фота: president.gov.ua