BE RU EN

Forbes: Парашэнка прапаноўваў Пуціну забраць Данбас

  • 6.04.2015, 9:16

Уладзімір Пуцін на закрытай сустрэчы з бюро праўлення РСПП распавёў, што Пятро Парашэнка прапанаваў яму «забраць Данбас» у склад Расеі

Гаворка ідзе пра закрытую частку мерапрыемства 19 сакавіка, калі прэзідэнт Расеі сустрэўся з бюро праўлення Расейскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП) адразу пасля выступу на з'ездзе саюза. Большую частку сустрэчы Уладзімір Пуцін прысвяціў сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, адзначае выданне, якое спасылаецца на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, піша РБК.

Са слоў суразмоўцы выдання, прэзідэнт Расеі распавёў бізнэсоўцам, што Парашэнка на перамовах «нармандскага чацвёркі» ў Менску 11-12 лютага нібыта прапанаваў таму забраць Данбас ў склад Расеі.

«Ён [Парашэнка] мне шчыра сказаў: «Забірайце Данбас». Я яму адказаў: «Здурнеў, ці што? Мне Данбас не патрэбны. Калі вам не патрэбен, то абвясціце аб яго незалежнасці», - прывяла словы Пуціна адна з крыніц выдання, знаёмая са зместам гутаркі. Са слоў расейскага прэзідэнта, Парашэнка сказаў, што ўлады Украіны не могуць на гэта пайсці, у адказ на што Пуцін нібыта запатрабаваў, каб украінскія ўлады плацілі насельніцтву Данбаса пенсіі, дапамогі і аднавілі банкаўскую сістэму.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы, які папрасіў аб прыватнасці, пацвердзіў, што Пуцін распавёў бізнэсу аб нечаканай прапанове Парашэнкі «забраць Данбас на фінансавае забеспячэнне» і сваёй адмове гэта зрабіць.

Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў не пацвердзіў і не зняпраўдзіў выданню інфармацыю аб аповедзе Пуціна, спаслаўшыся на закрыты фармат размовы Пуціна з бюро РСПП. Прэс-сакратар Парашэнкі Святаслаў Цагалко не адказаў на тэлефонныя званкі. Прадстаўнік канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель не змог сказаць, ці чула Мэркель прапанову Парашэнкі Пуціну аб статусе Данбаса. Да прадстаўніка Аланда выданню датэлефанавацца не ўдалося.

Апошнія навіны