BE RU EN

Камітэт Дзярждумы РФ пагадзіўся пазбавіць імунітэту Іллю Панамарова

  • 6.04.2015, 14:52

Камітэт Дзярждумы аб рэгламенце падтрымаў запыт Генеральнай пракуратуры.

Пра гэта заявіў кіраўнік камітэта «адзінарос» Сяргей Папоў, паведамляе BBC.

«Камітэт аднагалосна прыняў пастанову, што такое пытанне павінна разглядаць палата, і палата павінна вызначацца», - сказаў ён.

Пытанне аб зняцці недатыкальнасці павінна быць вынесенае на разгляд 7 красавіка. Пракуратура ставіць дэпутату ў віну саўдзел у растраце ў фондзе «Сколкава».

Ілля Панамароў, які цяпер знаходзіцца ў ЗША, заявіў, што дзеянні расейскіх следчых выходзяць за рамкі прававога поля, і не выказаў ахвоты вярнуцца ў Расею, калі будзе прынятая пастанова аб ягоным затрыманні.

Дакументы з генеральнай пракуратуры аб зняцці з Панамарова дэпутацкай недатыкальнасці паступілі ў Дзярждуму ў канцы сакавіка. Першы намеснік кіраўніка фракцыі «Справядлівая Расея» Міхаіл Емяльянаў тады заявіў, што ўважае патрабаванне генпракуратуры ў дачыненні да Панамарова лагічным «у кантэксце ягонай антырасейскай дзейнасці».

На думку самога дэпутата, абвінавачванні супраць яго маюць палітычную падаплёку.

Ілля Панамароў, абраны ў Думу ад «Справядлівай Расеі», у многіх пытаннях не падзяляў партыйную лінію: удзельнічаў у апазіцыйных акцыях, адзіным з дэпутатаў галасаваў супраць уключэння Крыма ў склад Расеі.

У 2013 годзе Панамарова выключылі з партыі «Справядлівая Расея», аднак ён прадаўжае заставацца чальцом фракцыі эсэраў у Дзярждуме. Лідар партыі Сяргей Міронаў неаднаразова патрабаваў ад Панамарова здаць дэпутацкі мандат. У пачатку 2014 Панамароў судом быў прызнаны вінаватым у няякасным выкананні кантракта з фондам «Сколкава» і аштрафаваны на 2,7 млн рублёў. Апазіцыянеру не ўдалося аспрэчыць гэты прысуд у судах вышэйшай інстанцыі.

Сам палітык заяўляў, што не прызнае віны, бо, на ягоную думку, выканаў працу цалкам. Ён таксама заявіў, што не плануе прасіць прытулку за межамі Расеі.

Апошнія навіны