Падаткавікі правераць выдаткі «дармаедаў»
- 7.04.2015, 9:00
Міністэрства падаткаў і збораў праверыць выдаткі плацельшчыкаў «падатку на дармаедаў».
У першую чаргу, праверкі закрануць тых, хто ўчыніў дарагія пакупкі. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі Міхаіл Расолька.
З ягоных слоў, у дачыненні да плацельшчыкаў збору падатковым органам дадзенае права весці кантроль у сферы дэкларавання даходаў і маёмасці і кантроль за адпаведнасцю расходаў грамадзяніна ягоных даходаў, паведамляе БелТА.
«У першую чаргу будуць правераныя грамадзяне, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, але пры гэтым учынілі дарагія пакупкі», - сказаў Міхаіл Расолька.
Нагадаем, 2 красавіка Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб «дармаедах». Беспрацоўныя цяпер будуць выплачваць збор у суме 20 базавых велічынь, за нявыплату збору прадугледжаны штраф ад двух да чатырох базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.