BE RU EN

Улады закрываюць заканадаўчыя дзіркі для «дармаедаў»

  • 8.04.2015, 8:48

Абысці новыя паборы становіцца ўсё больш складана.

Як толькі Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №3 аб абавязковым зборы з дармаедаў, у інтэрнэце сталі абмяркоўваць, як закон будуць абыходзіць тыя, хто фармальна не працуе, але і плаціць 20 базавых велічынь у бюджэт не хоча, пішуць «Белорусские новости».

Аднак задумаліся пра гэта не толькі грамадзяне, але і дзяржорганы, якія спрабуюць закрыць усе заканадаўчыя дзіркі для патэнцыйных утрыманцаў.

Хутка стаць рамеснікам не атрымаецца

У дэкрэце адзначана, што рамеснікі, якія заплацілі збор (адна базавая велічыня ў год), не будуць лічыцца дармаедамі.

Аднак заплаціць яго трэба на год наперад і не пазней 28 чысла апошняга месяца каляндарнага года. То бок, калі вы хочаце заявіць пра рамесную дзейнасць у 2015-м, унесці 180 тысяч рублёў у бюджэт трэба было да 28 снежня 2014 года.

Калі рамеснік сам прадае свае працы, яго гадавы даход павінен быць не менш за 20 базавых велічынь, інакш трэба будзе заплаціць падатак на дармаедства.

Беспрацоўным можна быць толькі адзін год

Бліжэйшым часам плануюць унесці змены ў закон «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Цяпер беспрацоўны можа знаходзіцца ў гэтым статусе 36 месяцаў. Мінпрацы настойвае на скарачэнні тэрміну да 12 месяцаў.

Прадпрымальнік без даходу? Плаці падатак!

Не ўратуе ад выплаты падатку на дармаедства і рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Дэкрэтам вызначана, што гадавы даход ІП павінен быць не менш за 20 базавых велічынь (3,6 млн. рублёў).

Тое ж самае тычыцца ўсіх плацельшчыкаў адзінага падатку: рэпетытараў, пакаёвак, нянек, пастухоў, музыкаў і вядучых мерапрыемстваў, заводчыкаў і дрэсіроўшчыкаў, перакладчыкаў, швачак, якія займаюцца рамонтам і пераробкай гатовых вырабаў, прадаўцоў насення, расады і дэкаратыўных раслін.

Памочнікаў гаспадара аграсядзібы могуць прыняць за дармаедаў

У дэкрэце выразна пазначана: гаспадары сельскіх сядзібаў не належаць да катэгорыі дармаедаў. Аднак проста мець домік у вёсцы недастаткова.

Па-першае, у доме павінны быць свабодныя пакоя, дзе можна прыняць турыстаў. Па-другое, гаспадар сядзібы павінен пастаянна пражываць у сельскай мясцовасці і працаваць там. Пацвердзіць ваш статус могуць падпісаныя дамовы з турыстамі, а таксама сельскі выканаўчы камітэт.

Падатковая інспекцыя можа запатрабаваць ад уладальніка сядзібы падаць дэкларацыю аб даходах. Калі даходы ў сто разоў перавышаюць атрыманы за год збор, прыйдзецца даплаціць 10% ад сумы перавышэння. Такія ж меры раней былі прынятыя ў дачыненні да рамеснікаў і ІП, якія плацяць адзіны падатак.

А вось сямейнікаў, якія дапамагаюць абслугоўваць турыстаў, цалкам могуць прызнаць дармаедамі, калі гаспадар не заключыць з імі дамову.

Неплацельшчыкам забароняць выезд за мяжу

Уцячы ад падатку на дармаедства нельга нават за мяжу. Неплацельшчыкаў збору будуць уключаць у спісы невыязных. Абмежаванне будзе выносіць суд.

Паводле звестак МУС, плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў могуць стаць блізу 10 тысяч замежнікаў. Цяпер у Беларусі пражываюць больш за 165 тысяч замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць від на жыхарства. Са слоў падаткавікоў, правяраць будуць, перш за ўсё, тых, хто за год зрабіў дарагія пакупкі.

Апошнія навіны