Праваабаронцы патрабуюць спыніць ціск на Статкевіча
- 8.04.2015, 16:55
Беларускія праваабаронцы патрабуюць ад уладаў і адміністрацыі папраўчай калоніі №17 Шклова спыніць ціск на экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі
Як паведамлялася раней, толькі цягам апошняга тыдня ў дачыненні да Мікалая Статкевіча было складзена восем актаў на падставе вынесеных спагнанняў. Паводле інфармацыі жонкі палітыка Марыны Адамовіч, ён пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання, якое планавалася ў красавіку, і прадуктовай перадачы. Акрамя таго, 3 красавіка яго перавялі на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу, а да гэтага ён правёў трое сутак у штрафным ізалятары, піша сайт ПЦ "Вясна".
Са слоў Адамовіч, праблемы з адміністрацыяй у Статкевіча пачаліся адразу пасля пераводу ў шклоўскую калонію з магілёўскай турмы і ўзмацніліся пасля таго, як 24 сакавіка ён напісаў заяву аб адмове ад незаконных работ па самаабслугоўванню. Як патлумачыла Адамовіч, такія працы ўсе зняволеныя павінны выконваць па чарзе, прычым не больш за дзве гадзіны ў дзень, але ў дачыненні да Статкевіча гэтыя нормы адміністрацыя не выконвала.
Жонка палітыка не выключае, што супраць яго "рыхтуецца новая справа", у выніку чаго Статкевічу могуць альбо падоўжыць тэрмін пакарання (ён заканчваецца ў снежні 2016), альбо зрабіць больш жорсткім рэжым адбыцця пакарання - зноў перавесці ў турму.
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend і закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна" накіравалі ў дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС і адміністрацыю шклоўскай калоніі №17 зварот, у якім выказваюць занепакоенасць сітуацыяй вакол Статкевіча.
Праваабаронцы мяркуюць, што дзеянні адміністрацыі калоніі "маюць мэтанакіраваны характар на прымус Статкевіча да напісання прашэння аб памілаванні на імя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". "Такія дзеянні адміністрацыі калоніі носяць супрацьпраўны і палітычна матываваны характар і могуць расцэньвацца як бесчалавечнае, прыніжаючае чалавечую годнасць стаўленне", - гаворыцца ў заяве.
Праваабаронцы патрабуюць:
- Спыніць адміністрацыйны ціск у дачыненні да Мікалая Статкевіча;
- Скасаваць незаконныя дысцыплінарныя спагнанні, атрыманыя цягам апошніх двух месяцаў, і ануляваць складзеныя акты аб парушэнні дысцыпліны;
- Дапусціць прадстаўнікоў міжурадавых арганізацый (прадстаўніцтва ЕЗ і ААН у Беларусі), а таксама дыпламатычных місій Еўразвязу ў калонію №17 для праверкі ўмоў утрымання апазіцыйнага палітыка.
Акрамя ДВП МУС і адміністрацыі калоніі тэкст гэтай заявы накіраваны ў прадстаўніцтвы ААН і ЕЗ у Беларусі.
Мікалай Статкевіч адбывае пакаранне паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі. Першапачаткова адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Пасля сканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, палітыка вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе на яго ў першыя два дні знаходжання склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку і на гэтай падставе забаранілі доўгатэрміновае спатканне з роднымі.