BE RU EN

Урок для Грэцыі. Як Расея падманула Кіпр

  • 8.04.2015, 17:50

У свой час Расея ўжо намякала, што надасць фінансавую дапамогу Кіпру, але да рэальных грошай справа так і не дайшла.

Відавочна, прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас едзе ў Маскву, каб пагаварыць з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуцінам, піша ў сваёй калонцы для Forbes брытанскі пісьменнік і блогер, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута Адама Сміта Цім Уорстал.

Відавочна, што акрамя іншых пытанняў лідары дзвюх дзяржаў будуць абмяркоўваць запазычанасці Грэцыі перад Міжнародным валютным фондам, Еўрапейскім цэнтрабанкам і Еўрагрупай. Аўтар ставіць пытанне, ці дапаможа Грэцыі стаўка на Расею ў міжнароднай палітыцы знайсці новыя крыніцы фінансавання яе крызіснай эканомікі? На думку Уорстала, перадумовы для такіх разваг існуюць ужо сёння. Грэцыя заявіла, што не будзе падтрымліваць пашырэнне санкцый супраць Расеі.

Разам з тым, адзначае калумніст, Грэцыі варта быць асцярожнай і не занадта спадзявацца на Расею. Бо Кіпр некалькі гадоў таму ўжо паверыў, што Пуцін надасць яму фінансаванне. Тады таксама спачатку былі толькі намёкі на магчымую дапамогу з боку РФ, але рэальныя грошы ў краіну так і не прыйшлі.

Акрамя таго, ў Расеі проста няма дастатковай колькасці сродкаў, каб падтрымаць Грэцыю, адзначае Уорстал. Дакладней, гэта залежыць ад таго, што мы разумеем пад словам «выбавіць». Эканоміка Расеі прыкладна суразмерная з эканомікай Нідэрландаў (так, Расея не такая ўжо багатая, як часам можа здацца). Ніхто ж не думае, што Нідэрланды возьмуць на сябе ўсю 300-мільярдную пазыку Грэцыі. Гэта проста немагчыма.

Расея можа даць Грэцыі нейкае прамежкавае фінансаванне (як у свой час Украіне) або больш працяглую дапамогу, калі Грэцыя абвесціць дэфолт і не зможа знайсці іншых крыніц фінансавання. Але тады Грэцыю чакае менавіта тое, чаго яна так адчайна спрабуе пазбегнуць: выхад з еўразоны і дэфолт.

Пераклад: «Новое время»

Апошнія навіны