Ярмошына мяркуе, што Майдан у Кіеве арганізавалі «міжнародныя сілы»
- 1.05.2015, 11:36
Неўязная ў ЕЗ кіраўніца беларускай ЦВК абвінаваціла Захад у арганізацыі пратэстаў ва Украіне.
Лідзія Ярмошына, мяркуе, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі стануць спробай змены палітычнага курсу. На сустрэчы з сябрамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі яна заявіла, што звязвае гэта з Лукашэнкам, піша БелаПАН.
«Магутным еўрапейскім гульцам, і перш за ўсё галоўнаму гульцу - Злучаным Штатам, не пасуе ягоная цікавая і харызматычная асоба, - заявіла кіраўнік ЦВК. - Чаму? Таму, што ўсе дзяржавы, якія блізкія да Расеі і з'яўляюцца яе найбліжэйшымі хаўруснікамі, заўсёды знаходзяцца ў полі незадаволенасці больш магутных дзяржаў, якія плятуць інтрыгі супраць Расейскай Федэрацыі. Таму выбары ў нашай краіне - гэта заўсёды спроба змены палітычнага курсу».
Кіраўніца ЦВК падкрэсліла, што «за тымі хваляваннямі, якія правакуе правядзенне выбараў, заўсёды стаіць арганізацыя».
«Калі мне кажуць, што ў Кіеве на Майдан народ сцякаўся на ўласную волю, я гэта ўспрымаю як трызненне і лухту, якую вырыгваюць альбо наіўныя людзі, альбо дурні, - сказала яна. - Няма ніякай выпадковай, стыхійна сфарміраванай волі народа. Можа быць, там, дзе праходзяць галодныя бунты, дзе не хапае прадуктаў, нейкая частка хатніх гаспадынь можа выйсці з каструлямі на вуліцу. Але ў прынцыпе, усе хваляванні, хай і досыць сур'ёзныя, заўсёды арганізуюцца і адбываюцца за нейчыя сродкі, і да гэтага, вядома, прыцягваюцца міжнародныя сілы».
Са слоў Ярмошынай, цікавасць да беларускіх выбараў перш за ўсё выкліканая тым, што замежных партнёраў «заўсёды цікавіць, хто ж прыйдзе да ўлады і які курс будзе ў транзітнай краіны, якая займае важнае геапалітычнае становішча, найбліжэйшага саюзніка Расеі».
«У гэтым і спроба паўплываць на гэтыя працэсы, прымусіць уладу дзейнічаць у тым ці іншым ключы, выгадным для еўрапейскіх гульцоў», - дадала яна.
Нагадаем, што ўсе выбарчыя кампаніі, якія прайшлі ў Беларусі пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Кіраўніцы Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіі Ярмошынай за фальсіфікацыю вынікаў выбараў забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША.