Беларусы Варшавы пратэстуюць супраць удзелу Лукашэнкі ў саміце «Усходняга партнёрства»
- 12.05.2015, 19:18
У Варшаве прайшла акцыя пратэсту супраць прысутнасці Лукашэнкі на саміце «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Рызе 21-22 траўня.
«Мы катэгарычна супраць таго, каб Аляксандр Лукашэнка меў хоць які афіцыйны візіт у Латвію», - заявіў «Радыё Рацыя» лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.
У Варшаве прайшла акцыя пратэсту супраць прысутнасці Лукашэнкі на саміце «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Рызе 21-22 траўня.
Са слоў Вячаслава Сіўчыка, еўрапейскія палітыкі робяць вялікую памылку, спрабуючы «падлабуньвацца» да Лукашэнкі:
- Нас вельмі засмуцілі тыя інтэрв'ю, у якіх кіраўнікі Латвіі заявілі, што яны з вялікім задавальненнем сустрэліся б з дыктатарам, калі б ён прыехаў у Рыгу. Мы звяртаем увагу і латвійскіх палітыкаў, і палітыкаў Еўропы, што, дзякуючы такой палітыцы Еўразвязу, рэжым Лукашэнкі ўзмацняе рэпрэсіі. Сведчаннем гэтага з'яўляецца і судовая расправа, якая прайшла 4 траўня над лідарам апазіцыі Мікалаем Статкевічам.
Удзельнікі акцыі мяркуюць, што замест таго, каб падтрымліваць дыктатуру Лукашэнкі, трэба дапамагаць беларускаму народу вярнуцца ў Еўропу. Арганізатары акцыі з руху салідарнасці «Разам» перадалі зварот латвійскаму амбасадару з заклікам не запрашаць Лукашэнку ў Рыгу.