BE RU EN

Барысу Нямцову прысуджаная прэмія героя Супраціву Яна Карскага

  • 15.05.2015, 18:11

Лідару расейскай апазіцыі Барысу Нямцову пасмяротна прысуджаная прэмія «Арол» героя польскага Супраціву Яна Карскага.

Уручэнне прэміі адбылося сёння ў Варшаве ў адным з палацаў каралеўскага парку Лазенкі. На цырымонію былі запрошаныя ўдава і дачка забітага палітыка - Раіса і Жанна Нямцовы, а таксама выканаўчая дырэктарка партыі РПР-Парнас Вольга Шорына, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

Уручаючы прэмію, былы амбасадар Польшчы ў СССР і ў Расеі Станіслаў Чосэк адзначыў:

«Нямцоў наважыўся рабіць у Расеі тое, на што не адважваўся ніводзін цар або першы сакратар. Ён рабіў усё, каб абудзіць у расейскім чалавеку грамадзянскую актыўнасць, зрабіць расейцаў неабыякавымі грамадзянамі.

Я трапіў у Расею ў лістападзе 1989 года, і атрымаў шанец быць сведкам барацьбы за лёсы Расеі. Гэта былі выдатныя памкненні расейскай інтэлігенцыі, якая тады мела нядрэнную славу і досвед ахвярнай барацьбы. Сёння гэта таксама актуальна.

Нямцоў жыве. Ягоныя ідэі не памерлі. Бог шчодра адарыў Расею таленавітымі людзьмі. Я веру, што надыдзе час, калі большасць грамадзян гэтай краіны скажуць: дзякуй, Барыс, і даруй».

Фота: charter97.org
Фота: charter97.org
Фота: charter97.org
Фота: charter97.org
Станіслаў Чосэк. Фота: charter97.org
Фота: charter97.org
Фота: charter97.org
Жанна Нямцова. Фота: charter97.org
Жанна Нямцова. Фота: charter97.org

Дачка лідара расейскай апазіцыі Жанна Нямцова падзякавала за ўзнагароду і сказала:

«Узнагарода называецца «Арол» Яна Карскага, і мне здаецца, што мой бацька быў арлом расейскай палітыкі. Сёння ўспаміналі ягоную працу губернатарам Ніжагародскай вобласці і першым віцэ-прэм'ерам Расеі, але больш за 10 гадоў ён быў у апазіцыі да расейскай улады, быў паслядоўным крытыкам, хоць з кожным годам станавілася ўсё цяжэй.

Бацька быў паслядоўным ва ўсім. Калі яму задалі пытанне «Як моцна змяніліся вашыя погляды за апошнія 20 гадоў?», Ён адказаў «Яны мала змяніліся». Нават калі бацька займаў важныя дзяржаўныя пасады, ён працягваў быць верным прынцыпам свабоды. Гэта складана - мець уладу і пры гэтым быць свабодным. Бацька заўсёды верыў у тое, што ён робіць, ставіў перад сабой вельмі складаныя задачы і шмат у чым меў поспех.

Я ж са свайго боку абяцаю, што буду рабіць усё, каб ягоная справа была прадоўжаная. І спадзяюся, што калі-небудзь усё ж такі Расея стане вольнай».

Пастанову аб прысуджэнні прэміі «Арол» Яна Карскага прыняла камісія, у склад якой увайшлі Лех Валенса, Аляксандр Квасьнеўскі, кардынал Станіслаў Дзівіш, прафесар Рычард Пайпс і сям'я Яна Карскага.

Ян Карскі заснаваў прэмію «Арол» у 2000 годзе, незадоўга да сваёй смерці. Узнагарода польскага дыпламата, чалавека, які паведаміў свету пра Галакост, уручаецца, згодна з ягоных слоў, «палякам, якія з годнасцю клапоцяцца пра Польшчу» і грамадзянам іншых краін, якія «не з’яўляючыся палякамі, падтрымліваюць Польшчу».

У першы раз прэмія прысуджаная пасмяротна. У папярэднія гады прэмію Яна Карскага атрымалі Тадэвуш Мазавецкі, Лех Валенса, Адам Міхнік, Марэк Эдэльман, Шымон Пэрэс.

Апошнія навіны