BE RU EN

Прэзідэнт Еўрапарламента сустрэўся з беларускай апазіцыяй

  • 20.05.2015, 10:31

«Мы ўважаем Мікалая Статкевіча героем», - сказаў Марцін Шульц.

Дэлегацыя беларускай апазіцыі была прынятая на вышэйшым узроўні ў Еўрапарламенце напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» ў Рызе.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, жонка палітвязня, былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч і галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна 19 траўня сустрэліся з Прэзідэнтам Еўрапейскага Парламента Марцінам Шульцам, старшынём Камітэта замежных спраў Эльмарам Брокам, кіраўніком дэлегацыі Беларусі Багданам Здраеўскім і старшынём партыі «Саюз Айчыны - хрысціянскія дэмакраты Літвы» (СА - ХДЛ), еўрадэпутатам Габрыэлюсам Ландсбэргісам.

Удзельнікі беларускай дэлегацыі звярнулі ўвагу кіраўнікоў Еўрапарламента на сітуацыю з палітвязнямі, што пагаршаецца, пагрозу блакавання інтэрнэт-сайтаў у Беларусі, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і журналістаў, бесперапынныя арышты актывістаў апазіцыі.

«Галоўнай мэтай нашых сустрэч была занепакоенасць тым, што змяненне палітыкі Еўразвязу прывяло да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Сёння Еўразвяз заклапочаны расейскай агрэсіяй ва Украіне і спрабуе знайсці шляхі развязання гэтага крызісу. Аднак звяртацца да паслуг дыктатара Лукашэнкі з тым, каб спыніць Пуціна, вельмі недальнабачна і небяспечна. Еўропе сёння патрэбна стратэгія камунікацыі з нашым рэгіёнам, і гэтая стратэгія ніяк не можа абапірацца на падтрымку існуючых у гэтым рэгіёне дыктатур - хоць вялікіх, хоць малых. Еўразвяз мае дастатковы досвед узаемаадносін з Беларуссю, з якога вынікае, што Лукашэнка разумее толькі мову сілы, а любое змякчэнне стаўлення да яго вядзе да новых рэпрэсіяў, новых палітвязняў і забойстваў. Параза Лукашэнкі непазбежна прывядзе да паразы Крамля. Гэта і павінна служыць арыенцірам для Еўропы», - мяркуе лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў.

Марына Адамовіч распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, адзначыўшы, што ціск на вязняў сумлення ўзмацняецца. Пры гэтым яна папрасіла еўрапейцаў не адступаць ад заяўленай прынцыповай пазіцыі што да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. З яе слоў, пры кожным візіце ў Беларусь еўрапейскіх чыноўнікаў рэжым дэманстратыўна павялічвае ціск на палітвязняў.

Напрыклад, у дзень, калі Лукашэнка сустракаўся з міністрам замежных спраў Аўстрыі Себасцьянам Курцам, у Беларусі прайшоў суд над яе мужам Мікалаем Статкевічам, які зрабіў больш жорсткімі ўмовы ягонага зняволення, а ў дні, калі ў Беларусі знаходзіліся адразу тры высокапастаўленых чыноўніка - спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Андрэа Рыгоні, намесніца кіраўніка замежнапалітычнай службы Еўразвязу Хельга Шміт і дэпутатка Еўрапарламента Сандра Калніетэ - палітвязень Мікалай Дзядок быў прысуджаны да дадатковага года зняволення.

Марына Адамовіч перадала Марціну Шульцу словы падзякі за падтрымку ад Мікалая Статкевіча. Жонка палітвязня падкрэсліла важнасць таго, што Еўрапарламент прызнае палітвязнямі ў Беларусі шэсць чалавек. Нядаўна тут пачалася кампанія ў падтрымку беларускіх палітвязняў - кожны з вязняў сумлення атрымаў свайго «апекуна» з ліку еўрапарламентарыяў.

Станіслаў Шушкевіч заявіў, што прыехаў у Страсбург з намерам прадухіліць магчымы зман еўрапарламентарыяў у дачыненні да Лукашэнкі і ягонага магчымага «пераўвасаблення».

«Я даўно сустракаўся з Марцінам Шульцам, калі ён яшчэ не быў прэзідэнтам Еўрапарламента. Высветлілася, што, як і раней, ён выдатна разумее сітуацыю ў Беларусі. Яго не трэба было ні ў чым пераконваць. Сёння ад рэжыму Лукашэнкі трэба жорстка патрабаваць вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў. Трэба скасаваць драконаўскае заканадаўства ў дачыненні да мас-медыя, спыніць «замашкі» на інтэрнэт-сайты, перастаць быць душыцелямі волі слова і пад страхам рэпрэсій душыць усё жывое. Цяпер прынята ўважаць першачарговымі праблемы Украіны, але нельга забываць пра Беларусь. Недапушчальна верыць хлуслівым абяцанням Лукашэнкі», - сказаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна заклікала Еўразвяз у выпадку блакавання ў Беларусі незалежных інтэрнэт-сайтаў неадкладна ўводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі - эканамічныя і на пастаўкі тэхналогій. Журналістка распавяла аб тым, што сёння ў беларускім незалежным інтэрнэт-сайтам масава выносяцца папярэджанні Міністэрства інфармацыі, а паводле прынятых у пачатку 2015 паправак Закона аб СМІ інтэрнэт-сайты могуць блакавацца ў Беларусі без суда - усяго пасля двух папярэджанняў. Дзяржаўны правайдэр-манапаліст «Белтэлекам» закупляе абсталяванне для блакавання інтэрнэту. За апошнія паўгода самы папулярны беларускі незалежны сайт charter97.org блакаваўся ўжо тройчы.

Сёння, ва ўмовах масаванай расейскай прапаганды, знішчэнне незалежных інтэрнэт-сайтаў у Беларусі азначае канчатковую страту краінай незалежнасці, а таксама фактычна ператварае Беларусь у закрытую дыктатуру тыпу Паўночнай Карэі. Падтрымка незалежных медыя ў гэтых умовах надзвычай важная, падкрэсліла Наталля Радзіна.

Прэзідэнт Еўрапарламента Марцін Шульц заявіў, што ЕП заўсёды ўважліва сочыць за сітуацыяй у Беларусі. З ягоных слоў, ён быў супраць таго, каб Менск стаў пляцоўкай для перамоваў з прарасейскімі сепаратыстамі Данбаса. «Нас заўсёды турбавала сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, мы сочым за лёсамі палітвязняў», - сказаў прэзідэнт.

Асабліва Марціна Шульца цікавіў стан палітвязня Мікалая Статкевіча пасля таго, як беларускі рэжым зрабіў больш жорсткімі ўмовы ягонага зняволення. «Мы захапляемся вашым мужам і ўважаем яго героем», - сказаў прэзідэнт Марыне Адамовіч.

Прэзідэнт Еўрапарламента таксама заявіў, што бярэ пад асабісты кантроль сітуацыю з пагрозай блакавання незалежных сайтаў Беларусі.

«Мы ведаем, якому ціску падпадае сайт charter97.org і заўсёды гатовыя падставіць вам плячо», - заявіў Марцін Шульц.

З ПРЭЗІДЭНТАМ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА МАРЦІНАМ ШУЛЬЦАМ
З ПРЭЗІДЭНТАМ ЕЎРАПАРЛАМЕНТА МАРЦІНАМ ШУЛЬЦАМ
З кіраўніком Камітэта замежных спраў Эльмарам Брокам
Са старшынёй партыі «Саюз Айчыны - хрысціянскія дэмакраты Літвы» (СА - ХДЛ), еўрадэпутатам Габрыэлюсам Ландсбергісам
З кіраўніком дэлегацыі Беларусі Багданам Здраеўскім

Апошнія навіны