BE RU EN

Максіма Вінярскага аштрафавалі, Вольгу Нікалайчык затрымалі

  • 21.05.2015, 10:57

У Смалявіцкім раённым судзе 21 траўня завяршыўся адміністрацыйны працэс над каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі» Максімам Вінярскім.

Яго абвінавачвалі ў абразе супрацоўніка мясцовай міліцыі (арт. 23.5 КаАП РБ).

Суддзя Ліна Бародзіч вынесла пастанову аб пакаранні актывіста штрафам у суме 30 базавых велічынь, паведаміла ў «Фэйсбуку» актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Юлія Сцяпанава.

Згодна з пратаколам, які быў складзены на Вінярскага 15 траўня, ён назваў «вампірам» міліцыянта Лесіцу. Інцыдэнт адбыўся, калі актывісты, у тым ліку Вінярскі, прыехалі да Смалявіцкага РАУС, каб сустрэць пасля адбыцця арышту свайго аднадумца Леаніда Кулакова.

Паводле інфармацыі Сцяпанавай, у Смалявічах затрымалі рэжысёра Вольгу Нікалайчык, якая прыехала падтрымаць Вінярскага ў судзе. Вольгу затрымліваў намеснік начальніка Смалявіцкага РАУС.

На думку актывіста Леаніда Кулакова, Нікалайчык затрыманая за акцыю на Кургане Славы перад прыездам байкераў з «Начных ваўкоў» у Беларусь.

Апошнія навіны