Рэжысёрку Вольгу Мікалайчык аштрафавалі на 5,4 мільёна рублёў
- 21.05.2015, 14:04
Са слоў актывісткі, з шэрагу пакаранняў наладзілі цэлы «галівудскі трылер».
Сёння стала вядома, што ў Смалявічах адразу пасля суда над каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі» на лаву падсудных трапіла актывістка, рэжысёрка Вольга Мікалайчык, якая прыехала падтрымаць Максіма Вінярскага падчас працэсу. Ён жа ў сваю чаргу апынуўся ў судзе таму, што нібыта абразіў супрацоўніка міліцыі, назваўшы яго вампірам праз тое, што іхнага іншага калегу, Леаніда Кулакова, доўга не выпускалі з «сутак».
У выніку, Максіму Вінярскаму і Вользе Мікалайчык выпісалі штрафы па 30 базавых адзінак (5.400.000). Актывістка падзялілася з charter97.org падрабязнасцямі «шматсерыйнага трылера».
- Я прысутнічала на судзе над Максімам Вінярскім ужо другі дзень, - сказала яна. Яму далі штраф 30 базавых адзінак, пасля мы селі ў аўтамабіль, каб з'язджаць. Раптам да нас пад'ехаў міліцэйскі УАЗік. Нашу машыну заблакавалі, каб мы не выехалі, і сказалі, каб я прайшла з міліцыянтамі ў РАУС. Там мне зладзілі допыт пра акцыю на Кургане славы, за якую судзілі Леаніда Кулакова. На ягоным судзе я таксама прысутнічала і яго сустракала.
Я сказала, што ні на якія пытанні я адказваць не буду, тым больш без адваката. У пратаколе напісала, што я нічога не парушала і ні ў якіх акцыях, якія б парушалі асноўны закон Беларусі, не ўдзельнічала і іх не арганізоўвала. Гэта значыць, я дала зразумець міліцыі, што ўсё, што я раблю - законна. Пасля гэтага мяне завялі ў залу суда. Па дарозе спынілі, гэтак жа заблакаваўшы аўто Леаніда Кулакова, каб людзі, якія ехалі разам з ім, не змаглі трапіць на мой суд. Супрацоўнік ДАІ аштрафаваў яго на 180 тысяч за нейкія прыдуманыя парушэнні.
У выніку, частка людзей трапіла на мой суд раней, частка - пазней. Суддзя паказаў фатаграфіі з сайтаў charter97.org, «Радыё Свабода» і сказаў, што на гэтых фота пікетаў - я. На што я сказала, што я сябе не пазнаю, што якасць фатаграфій - дрэнная, і там наогул нікога на іх не пазнаць. І наогул, арганізатар гэтых пікетаў ужо адседзеў 7 дзён і я прысутнічала на ягоным судзе. Больш я нічога каментаваць не стала. Адзінае што, я падала хадайніцтва аб тым, каб судовае пасяджэнне вялося на беларускай мове, суддзя гэтае хадайніцтва адхіліў.
У выніку мне прысудзілі 30 базавых адзінак, гэта 5.400.000. Гэта для нас абсалютна вар'яцкая сума. Вы ж ведаеце, актывісты апазіцыі ў нашай краіне сталай працы не маюць. Таму, гэта, вядома, нярадасна.
- Хто вас судзіў?
- Мяне судзіў А. Казлоўскі, імя свайго ён не сказаў. Максіма Вінярскага судзіла Ліна Бародзіч. Яна прысудзіла яму таксама 30 базавых адзінак за тое, што ён нібыта ў РАУС, калі міліцыянты своечасова не адпускалі Кулакова, сказаў дзяжурнаму, што той - вампір. Вось такая ў нас весялосць. Проста галівудскі трылер!
- З чым вы звязваеце гэты шэраг пераследаў актывістаў апазіцыі?
- Наша ўлада апасродкаваная. Яна з'яўляецца пракрамлёўскай, гэта значыць, васальскай і халуйскай. Таму за тое, што мы выходзім з бел-чырвона-белымі сцягамі, са сцягамі Украіны і хочам незалежнасці нашай краіны, нас кідаюць за краты і даюць штрафы. Гэта абуральна, але гэта факт. Гэта наша рэальнасць. Але мы будзем прадаўжаць казаць, што мы - ёсць, што мы - беларусы, а акупанты павінны ісці прэч.