Камуністы вылучылі Калякіна кандыдатам у прэзідэнты
- 24.05.2015, 21:57
Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» пераабрала Калякіна і вылучыла яго ў прэзідэнты.
23-24 траўня ў Менску прайшоў справаздачна-выбарны з'езд Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», які павінен быў даць адказы на два прынцыповыя пытання - хто будзе кіраваць партыяй, і хто будзе прадстаўляць партыю на прэзідэнцкіх «выбарах». На абодва пытанні быў дадзены адзін адказ - Сяргей Калякін, паведамляюць «Беларускія навіны».
За пераабранне Калякіна лідарам партыі прагаласавала пераважная большасць дэлегатаў, некалькі чалавек устрымаліся, галасоў супраць не было. Калякін узначальвае партыю з 1994 года - да 2009 года яна называлася Партыя камуністаў Беларуская.
Намеснікамі старшыні партыі таксама пераабраны Валерый Ухналёў, Анатоль Лашкевіч, Аляксей Елісееў і Канстанцін Мішчанка.
Выбары кіраўніцтва адбыліся пасля таго, як з'езд прыняў пастанову аб удзеле партыі ў прэзідэнцкай кампаніі гэтага года і вылучэнні Сяргея Калякіна кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.
У першы дзень работы з'езда, 23 траўня, Калякін выступіў з дакладам, у якім праінфармаваў аб пастанове цэнтральнага камітэта партыі рэкамендаваць дэлегатам прагаласаваць за поўнамаштабны ўдзел «Справядлівага свету» ў выбарчай кампаніі 2015 года, уключаючы вылучэнне старшыні партыі кандыдатам у прэзідэнты.
Фармат удзелу ў «выбарах», а таксама мэтазгоднасць вылучэння свайго кандыдата дэлегаты з'езда абмяркоўвалі 24 траўня ў закрытым рэжыме.
Галасаванне аб пытанні вылучэння Калякіна кандыдатам было пайменнае. У падтрымку ўдзелу свайго лідара ў прэзідэнцкай кампаніі выказалася большасць дэлегатаў з'езда - 105 чалавек з 160 прагаласаваўшых. Супраць выказаліся 39 чалавек, 16 дэлегатаў устрымаліся.
У інтэрв'ю журналістам Сяргей Калякін назваў вынікі галасавання «вельмі адказнай пастановай, якая будзе вызначаць далейшы лёс партыі». «Цяпер нам трэба давесці, што мы ідзем на «выбары» не проста ад партыі, а для таго, каб выконваць волю тых, хто хоча пераменаў», - сказаў ён.
Як адзначаецца ў рэзалюцыі з'езда, удзельнічаючы ў выбарчай кампаніі, «Справядлівы свет» мае намер:
- Дамагацца максімальнай падтрымкі выбарцамі рэкамендаванага партыяй кандыдата ў прэзідэнты;
- Прасоўваць прапанаваную партыяй супольна з іншымі левымі сіламі пазітыўную альтэрнатыву палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі;
- Падвышаць узровень вядомасці партыі сярод насельніцтва;
- Ажыццяўляць кантроль за ходам арганізацыі і правядзення «выбараў» у межах кампаніі «За справядлівыя выбары».
Партыя «Справядлівы свет» мяркуе, што сумленныя і справядлівыя «выбары» з'яўляюцца «галоўным інструментам фармавання легітымнай улады ў краіне». Аднак, як адзначаецца ў рэзалюцыі, практыка правядзення выбарчых кампаній у Беларусі «фактычна прывяла да ліквідацыі дэмакратычных механізмаў змяняльнасці ўлады і не дазваляе ўважаць абвешчаныя вынікі «выбараў» за адпаведныя таму, як галасавалі грамадзяне».
Каб змяніць практыку правядзення «выбараў», уладам трэба: строга выконваць Канстытуцыю і законы; уключыць прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў; стварыць варункі для вядзення грамадзянамі бесперашкоднай перадвыбарчай агітацыі; забяспечыць празрысты і адкрыты падлік галасоў; гарантаваць выкананне правоў назіральнікаў атрымліваць усялякую інфармацыю, што тычыцца «выбараў».
Партыя «Справядлівы свет» пакідае за сабой права зняць свайго кандыдата з «выбараў», «калі дзейная ўлада будзе груба парушаць выбарчае заканадаўства і правы грамадзян абіраць і быць абранымі».
Нагадаем, Сяргей Калякін удзельнічаў у прэзідэнцкіх «выбарах» у якасці прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы ў 2001 годзе, аднак ягоная ініцыятыўная група не сабрала патрэбную для рэгістрацыі кандыдатам колькасць подпісаў.
Чарговыя прэзідэнцкія «выбары» павінныя адбыцца ў Беларусі не пазней за 20 лістапада. Найбольш імавернай датай іх правядзення ЦВК называе 15 лістапада.
Пра намер вылучацца кандыдатамі ў прэзідэнты ўжо заявілі старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч і Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, першая намесніца старшыні грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) Алена Анісім, актывістка кампаніі «Гавары праўду», сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таццяна Караткевіч, беспрацоўны Юры Шульган, а таксама старшыня аргкамітэта для стварэння рэспубліканскага грамадска-асветніцкага аб'яднання «Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю» Анатоль Ляўковіч.