Зміцер Дашкевіч: Байкот «выбараў» стаў бы важкім ударам для Лукашэнкі
- 27.05.2015, 12:20
Толькі ў выпадку арганізаванага ціску на дыктатара ўнутры краіны, ён пойдзе на вызваленне палітвязняў.
Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў сустаршыня «Маладога фронту» і былы палітвязень Зміцер Дашкевіч.
- На саміце «Усходняга партнёрства» ў Рызе міністр Уладзімір Макей заявіў журналістам, што ў Беларусі няма палітвязняў, а ёсць звычайныя «злачынцы», асуджаныя на падставе Крымінальнага кодэкса...
- Няма нічога новага пад месяцам. Пры Сталіне мільёны людзей гінулі ў канцлагерах - і не было ніякіх палітвязняў, усе былі крымінальнымі «злачынцамі». Сам тэрмін «палітвязень», на падставе беларускага заканадаўства, не мае юрыдычнага абгрунтавання. Гэта наша з вамі задача - зрабіць так, каб міжнародная супольнасць і грамадзянская супольнасць у Беларусі ведала пра тое, што той ці іншы чалавек знаходзіцца ў турме за свае перакананні. І вызвалення палітвязняў павінен дамагацца кожны прыстойны чалавек і палітык.
- Якімі метадамі варта было б уздзейнічаць на беларускія ўлады з мэтай вызвалення палітвязняў?
- Самы дзейсны метад - гэта санкцыі. Але нерашучыя лідары Еўропы цяпер на гэта няздольныя. Яны гатовыя былі нават «праглынуць» Крым, каб «улагодзіць» Пуціна. Што ўжо казаць пра тое, каб Еўропа ахвяравала сваімі эканамічнымі інтарэсамі дзеля беларускіх палітвязняў? Я ўжо даўно з'яўляюся прыхільнікам ідэі, што нам трэба разлічваць на саміх сябе. Чым мацней будзе грамадзянская супольнасць і апазіцыя ў Беларусі - тым большым будзе шанец, што Лукашэнка вызваліць палітвязняў. Калі б на дазволеныя акцыі - той жа Дзень Волі - выходзіла не 2-3 тысячы чалавек, а 30-40 тысяч, то дыктатар б зусім інакш сябе паводзіў, у тым ліку і ў пытанні палітвязняў. А цяпер - так, любога чалавека з надуманай нагоды могуць затачыць у турму. Узяць прыклад Мікалая Дзядка: яму заставалася некалькі дзён да вызвалення - і чалавека «закрылі» яшчэ на год! І ўсе гэта «праглынулі» - і запрашаюць Макея на саміт у Рыгу. Калісьці так падлашчваліся да Гітлера, мы памятаем, чым гэта скончылася.
- Байкот так званых прэзідэнцкіх "выбараў" змог бы паўплываць на пазіцыю ўладаў што да палітвязняў?
- Мы ўжо цяпер бачым, што няўдзел у "выбарах" стаў прынцыповай пазіцыяй не для ўсіх. Некаторыя гатовыя «бегчы» на выбары: Калякін вось на днях сабраўся адстойваць «ідэалы Ільіча». Гэтая нязгода спрыяе толькі таму, што дыктатар можа рабіць усё, што заўгодна. Калі б апазіцыя рэальна згуртавалася і правяла кампанію байкоту - гэта быў бы важкі ўдар для Лукашэнкі. Таму што Лукашэнка прывык лавіраваць, як толькі адчуе чыюсьці сілу. Але для гэтага трэба аказваць на яго рэальны ціск. Як толькі ён адчувае ціск, напрыклад, з Усходу - адразу пачынае лавіраваць у бок Захаду... Нам трэба арганізоўваць і ажыццяўляць унутраны ціск на дыктатара. Тады ён, магчыма, пайшоў бы на вызваленне палітвязняў.
- Гэта значыць, тыя "палітыкі", якія ідуць на выбары - фактычна здрадзілі сваіх паплечнікаў, якія знаходзяцца ў турме?
- Кожны з так званых «кандыдатаў» - гэта чалавек, які грае на руку Лукашэнку. Мы ўжо чуем ад іх заявы, што яны не будуць заклікаць да мірных акцый пратэсту. Гэта да чаго трэба прынізіцца: апазіцыйны палітык, які сам прызнае, што ў Беларусі няма сумленных выбараў, заяўляе, што не будзе пратэставаць супраць фальсіфікацый... Гэта значыць Ярмошына напіша яму пару адсоткаў - а ён і задаволены. Я для такога знаходжу толькі адно слова, якім бы грубым яно ні было - гэта прастытуцыя. Гэта непрыхаваная маральная прастытуцыя, якая нават горшая за фізічную. Проста не хочацца мець з гэтымі людзьмі нічога агульнага.