Палітвязень Дзядок у калоніі нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук
- 27.05.2015, 14:20
Такім чынам Мікалай Дзядок пратэставаў супраць катаванняў з боку адміністрацыі калоніі.
Пра гэта паведаміла праваабаронцам жонка палітвязня Валерыя Хоціна, паведамляе сайт ПЦ "Вясна".
Мікалая Дзядка 12 траўня перавялі ў новае месца адбыцця пакарання - у калонію ВК-9 у Горках. Ужо на другі дзень, 13 траўня, ён быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе правёў 5 дзён. Літаральна праз дзень, 19 траўня, яго зноў накіравалі ў адзіночку штрафнога ізалятара. Праз вельмі нізкую тэмпературу Мікалай Дзядок моцна пакутаваў усю ноч, прасіў аб пераводзе ў іншае памяшканне.
Нарэшце, каб звярнуць увагу дзяжурных па ШІЗА, раніцай 20 траўня палітвязень нанёс сабе рэзаныя раны жывата і рук, пасля чаго быў змешчаны ў медчастку. Пасля аказання першай медыцынскай дапамогі, Мікалая Дзядка зноў накіравалі ў тое ж халоднае памяшканне ШІЗА, дзе ён знаходзіўся да 26 траўня. Са слоў Валерыі Хоцінай, за гэты непрацяглы час яе муж атрымаў 4 спагнанні.
Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у дзеянні.