Алесь Бяляцкі прэзентаваў у Варшаве кнігу «Халоднае крыло Радзімы»
- 29.05.2015, 14:15
Кніга была цалкам падрыхтаваная, калі праваабаронца знаходзіўся ў зняволенні, але была выдадзеная пасля ягонага вызвалення.
Старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі прэзентаваў у Беларускім доме ў Варшаве кнігу «Халоднае крыло Радзімы».
На пачатку мерапрыемства, якое адбылося 28 траўня, праваабаронца нагадаў аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.
«Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не паляпшаецца, літаральна сёння прайшоў суд над Юрыем Рубцовым - ён атрымаў 2 гады калоніі. Гэта ягоны асабісты супраціў, які пачаўся з бяскрыўдных рэчаў, калі Юрый хадзіў у цішотцы «Лукашэнка, сыходзь» і атрымаў за гэта 15 дзён, якія перараслі ў 1,5 гады хіміі, а 1,5 гады хіміі сёння перараслі ў 2 гады калоніі. Відаць, што калі чалавек спрабуе неяк супраціўляцца, то ўсё гэта можа чапляцца адно за адно і вылівацца ў сур'ёзныя рэчы», - сказаў ён.
«Халоднае крыло Радзімы» ўключыла ў сябе ўспаміны, урыўкі з лістоў, а таксама літаратурныя эсэ, якія не ўвайшлі ў папярэднюю кнігу.
«Гэтую кнігу складаў не я, яна выйшла як працяг папярэдняй кніжкі «Асвечаныя беларушчынай», у якую ўвайшлі ў асноўным літаратуразнаўчыя эсэ. З той кніжкі прыкладна старонак 100 было напісана ў турме. Атрымалася так, што мае калегі з праваабарончага цэнтру «Вясна» сказалі, што давайце мы выдадзім кнігу, няхай яна ў вас будзе. Яшчэ адна мая калега Паліна Сцепаненка склала гэтую кнігу. Яна працавала з маімі парадамі, але досыць самастойна. І яна сказала: «Алесь, у вас застаюцца публіцыстычныя рэчы, якія ў літаратуразнаўчую кнігу не ўвайшлі. Давайце іх выдадзім таксама». Я сказаў: «Паліна, давайце я яшчэ напішу старонак 100-200 і потым выдадзім». Так і атрымалася: старонак 200 я напісаў, калі знаходзіўся ў Бабруйскай калоніі.
Тут сабраныя і ўрыўкі з лістоў літаратурных эсэ, якія не ўвайшлі ў папярэднюю кнігу. І ўспаміны, пачынаючы з 80-х гадоў. Што аб'ядноўвае гэтую кнігу? Тое, што яна напісаная пра нацыянальны рух, пра новае адраджэнне, якое ў нас пачалося з 70-х гадоў. Сам я прыйшоў у рух у 81 годзе, калі мне ўжо было 19 гадоў і я з'яўляюся ўдзельнікам усіх гэтых падзей, якія адбываліся ў Беларусі з развіццём і нацыянальнага, і дэмакратычнага руху да апошняга часу. Гэты досвед сюды і ўвайшоў. Гэта агульная ідэя, якая аб'ядноўвае ўсё разам. Гэта ўсё, што было напісана мной за 25 гадоў», - распавёў аўтар.
Прэзентацыя з'яўлялася сімвалічнай акцыяй салідарнасці з палітвязнямі, таму была праведзеная адначасова з марафонам падпісання паштовак вязням беларускіх турмаў «Прышлі паштоўку ў Беларусь».