Дзярждэп ЗША: РФ супрацьстаіць рэалізацыі Менскіх пагадненняў
- 3.05.2015, 18:02
Расея прадаўжае процідзейнічаць выкананню Менскіх пагадненняў, падтрымліваючы і забяспечваючы сепаратыстаў.
Пра гэта заявіла прэс-сакратарка Дзярждэпу ЗША Мары Харф падчас брыфінгу, каментуючы выказванні экс-прэзідэнта Джымі Картэра пасля ягонай сустрэчы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуцінам "Голасу Амерыкі".
Кажучы аб выказаным Картэрам "задавальненні" ў сувязі з тым, што "Расея выконвае ўмовы Менскага пагаднення", Харф канстатавала: Расея прадаўжае процідзейнічаць рэалізацыі Менскага плана, падтрымліваючы і забяспечваючы сепаратыстаў.
"Расея і сепаратысты не могуць са свайго меркавання вызначаць, якія з умоў пагаднення выконваць, а якія не выконваць", - падкрэсліла яна.
Пры гэтым Харф адзначыла, што Украіна прадаўжае выконваць свае абавязанні, прадугледжаныя менскімі пагадненнямі.
Таксама, каментуючы словы Картэра аб "непазбежнасці анэксіі Крыма Расеяй", Харф заявіла: "Наша пазіцыя застаецца нязменнай: Крым - частка Украіны".
"Менавіта таму мы ўвялі санкцыі. Менавіта таму мы і прадаўжаем ціснуць", - дадала спікер Дзярждэпу.