BE RU EN

Юры Рубцоў у судзе: Лукашэнка не выканаў абяцанні аб заробку ў $600

  • 30.05.2015, 11:18

Журналістам атрымалася пагутарыць з палітвязнем падчас працэсу над ім.

Адвакат Юрыя Рубцова пачаў падрыхтоўку касацыйнай скаргі на прысуд, які 28 траўня вынес суддзя Пружанскага раённага суда Мікалай Рэпіха. Гомельскага актывіста, які ўжо адбываў «хімію», асудзілі яшчэ на 2 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, нагадвае «Радыё Свабода».

Адразу пасля абвяшчэння прысуду Юры Рубцоў заявіў, што будзе абскарджваць яго, бо ўважае яго незаконным. «Мяне пасадзілі за тое, што Лукашэнка не выканаў абяцанні аб заробку ў 600 даляраў», - паспеў крыкнуць прысутным палітвязень. Міліцыянты паспяшаліся выдаліць прысутных з залі, пры гэтым актывісты казалі міліцыі, што «ўсіх не перасадзяць».

Жонка і сын Юрыя Рубцова пасля суда змаглі некалькі хвілін пагаварыць з ім, але абяцанага суддзёй працяглага спаткання так і не атрымалі. «Ён жа выйшаў з залі вельмі хутка, а калі зачытваў прысуд, у яго дрыжалі рукі. Будзем дамагацца, каб спатканне нам усё ж далі», - распавяла пра суддзю жонка палітвязня Ядвіга Рубцова.

Цяпер актывіст зноў у следчым ізалятары ў Баранавічах. Тут яго павінны трымаць, пакуль не будзе разгледжаная яго скарга на прысуд.

«У нас прынялі для яго невялікую прадуктовую перадачу, але ў ізалятары можна перадаваць да 30 кілаграмаў у месяц. Таму падбяром і вышлем яму яшчэ прадуктаў, якія неабходныя для выхаду з галадоўкі», - паведаміла Ядвіга Рубцова.

Нагадаем, 6 кастрычніка 2014 года суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў 53-гадовага Юрыя Рубцова да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), аднак з улікам амністыі рэальны тэрмін пакарання быў скарочаны да паўтара года. Рубцова абвінавацілі ў абразе суддзі суда Савецкага раёна Кірыла Палулеха, які вёў у дачыненні да яго адміністрацыйны працэс пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях» 28 красавіка 2014 у Менску (арт. 391 КК).

Адбываючы пакаранне ў ПУАТ у вёсцы Куплін, асуджаны актывіст адмаўляўся працаваць праз нізкі заробак. Рубцоў патрабаваў забяспечыць яго працай з сярэднім заробкам па краіне (600 даляраў ЗША ў эквіваленце). Гэта і стала падставай для завядзення новай крымінальнай справы.

Да суда Юрыя Рубцова ўтрымлівалі ў следчым ізалятары горада Баранавічы (Берасцейская вобласць). 6 красавіка гомельскі актывіст абвясціў галадоўку ў знак пратэсту супраць вылучаных яму абвінавачванняў, паколькі ўважае абедзве крымінальныя справы ў дачыненні да яго сфабрыкаванымі. Пасля суду Юры Рубцоў заявіў, што спыніў галадоўку, бо асноўных мэт ён дасягнуў - працэс над ім прайшоў адкрыта і нават без затрыманняў актывістаў, якія выказвалі з ім салідарнасць.

Апошнія навіны